СТИХИ ИЗ ПЕСКА
Погода
12.2°C
Дымка
Брест
9.5°C
Дымка
Витебск
13.5°C
Без особых явлений
Гомель
12.4°C
Дымка
Гродно
11.1°C
Без особых явлений
Минск
10.5°C
Дымка
Могилёв
ИСТОРИЯ В КАРТИНАХ
РУССКИЙ ЯЗЫК НОВОГО ПОКОЛЕНИЯ
Сейчас смотрят
Войска радиоэлектронной борьбы защищают свои стратегические системы управления войсками и оружием от помех противника, нарушают работу противника, снижают эффективность применения им боевых средств путем распространения радиоэлектронных помех.
Специальные войска Вооруженных Сил Республики Беларусь. Войска радиоэлектронной борьбы
Нанотехнологии занимают сейчас лидирующие позиции в самых разных отраслях промышленности.
Косметика с наночастицами: за и против
Эдзі Агняцвет (сапр.: Эдзі Сямёнаўна Каган (1913 (або 1916 — 2000) — беларуская паэтэса, перакладчык. У відэа — кароткія звесткі пра творчасць, а таксама верш ад паэткі. Аўтар чытае, а тым часам мастак адлюстроўвае вобразы на пяску.
Эдзі Агняцвет
Идеи для интерьера от дизайнера Катерины Нейман. Сегодня мы будем создавать яркую ключницу.
Мастерим рамку для ключей
Одним из путей решения намеченных правительством Беларуси задач по повышению энергоэффективности зданий и сооружений является производство строительных материалов, обладающих высокими теплозащитными свойствами.
ЧУП «Виполь» – производитель современных стройматериалов
Свята-Пакроўскі храм быў узведзены ў 1781 г. і першапачаткова з’яўляўся могілкавай царквой Свята-Богаяўленскага мужчынскага манастыра.
Свята-Пакроўскі храм у Полацку. Гісторыя
Программа ТВ

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч

Адным з першых ён зрабіў героямі сваіх твораў беларускіх сялян. Многія са сваіх твораў напісаў на беларускай мове, якая ў той час не толькі не мела афіцыйнага статуса, але і не мела шырокага ўжытку ў мастацкай літаратуры.

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч

Пісьменнік, драматург.

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч – адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры і драматургіі, паэт, тэатральны і грамадскі дзеяч. Нарадзіўся 4 лютага 1808 года (па новым стылі) у фальварку Панюшкавічы Бабруйскага павета Мінскай губерні (цяпер Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці) ў шляхецкай сям'і Яна Дуніна-Марцінкевіча і Марцыяны з роду Нядзведзкіх. Хлопчыка назвалі Вінцэнтам Якубам. Ён у той жа дзень быў ахрышчаны ў Бабруйскім парафіяльным касцёле, але не па поўным абрадзе (адной вадой), бо з'явіўся на свет кволым. (Праз некалькі месяцаў яго ахрысцілі яшчэ раз ужо з выкананнем усіх абрадаў – «святымі алеямі»).

Продкі пісьменніка калісьці, яшчэ ў XVII стагоддзі  валодалі маёнткам Марцінкевічы ў Смаленскім ваяводстве. Род меў свой герб – «Лебедзь», карыстаўся ўсімі шляхецкімі правамі. Але бацькі Вінцэнта ўласнай зямлі ўжо не мелі і арандавалі фальварак Панюшкавічы ў блізкага сваяка Станіслава Богуша-Сестранцэвіча – магілёўскага архіепіскапа, пазней мітрапаліта ўсіх рымска-каталіцкіх касцёлаў Расійскай імперыі. Трэба адзначыць, што дваранскае паходжанне  Дуніну-Марцінкевічу неаднаразова даводзілася пацвярджаць у сувязі з неабходнасцю вырашэння розных асабістых і сямейных пытанняў, бо гэтага патрабавала бюракратычная сістэма імперскай Расіі.

Пра юнацкія гады Вінцэнта дакументальна пацверджаных дадзеных мала. Ён рана застаўся без бацькі. Лічылася, што ў 1824 годзе скончыў Бабруйскае павятовае вучылішча, але ёсць звесткі, што ўжо ў 1819 годзе  Вінцэнт быў адпраўлены ў Санкт-Пецярбург на папячэнне С. Богуша-Сестранцэвіча, чалавека вельмі адукаванага, вучонага-славіста, літаратара, члена Расійскай акадэміі навук, які сам займаўся яго выхаваннем. Існуе версія, што малады Дунін-Марцінкевіч паступіў у Санкт-Пецярбургскую медыка-хірургічную акадэмію, але пакінуў вучобу, бо не мог знаходзіцца ў анатамічным пакоі.

З сярэдзіны 1820-х  Вінцэнт  Дунін-Марцінкевіч жыў у Мінску, быў на дзяржаўнай службе: памочнікам каморніка і каморнікам межавога суда, служачым палаты крымінальнага суда, перакладчыкам у каталіцкай духоўнай кансісторыі, меў пасаду пры дваранскім сходзе. А ў 1831  узяў шлюб з дачкой адваката Юзэфай Бараноўскай, з якой яны мелі семярых дзяцей.  Сям'я  набыла  невялікі маёнтак Люцынка ў Пяршайскай воласці Мінскага павета (цяпер вёска Малая Люцінка ў Валожынскім раёне Мінскай вобласці) і пасялілася там, сам Вінцэнт  пакінуў дзяржаўную службу. Ёсць звесткі, што ў пачатку 1840-х  Дунін-Марцінкевіч некаторы час служыў аканомам у маёнтку Шчаўры ў Сенненскім павеце Магілёўскай губерні. Пазней, паколькі ён меў досвед працы з юрыдычнымі дакументамі, ездзіў па ўсёй тэрыторыі Беларусі ў якасці даверанай асобы сваіх кліентаў, займаючыся вырашэннем іх спраў. Шмат часу праводзіў у Мінску, дзе актыўна ўдзельнічаў у грамадска-культурным і літаратурным жыцці.

У гэты перыяд  Дунін-Марцінкевіч пачаў займацца літаратурнай дзейнасцю. Першыя творы напісаны на польскай мове. Ім былі створаны тэксты да аперэт «Спаборніцтва музыкаў», «Чарадзейная вада», а таксама «Рэкруцкі яўрэйскі набор» (у 1841 годзе пастаўлена ў Мінску аматарскім гуртком), дзе была ўзнята тэма рэкрутчыны як перашкоды ў шчаслівым уладкаванні жыцця яўрэйскай сям'і. Тэксты і партытуры гэтых твораў да нашага часу не захаваліся (за выключэннем адной арыі з аперэты «Рэкруцкі яўрэйскі набор»). Музыку да іх напісаў кампазітар Станіслаў Манюшка. Удзел у стварэнні музыкі прымаў і сам пісьменнік, часам пры пастаноўцы п'ес выступаў як акцёр (напрыклад, выканаў ролю старога яўрэя ў аперэце «Рэкруцкі яўрэйскі набор»).

З сярэдзіны 1840-х гадоў Вінцэнт  Дунін-Марцінкевіч пачынае супрацоўніцтва з выдаўцамі. У 1846 годзе ў Вільні асобным выданнем выйшла лібрэта музычна-драматычнага твора – оперы «Сялянка» (пазней з'явілася іншая назва – «Ідылія»). Музыку да яе напісалі Станіслаў Манюшка і Канстанцін Кжыжаноўскі з удзелам самога  Дуніна-Марцінкевіча. У гэтым творы побач з драматычнымі дыялогамі і маналогамі шырока прадстаўлены арыі і дуэты, харавыя нумары, а таксама танцы.

«Ідылія» лічыцца прынцыповай з'явай у станаўленні новай беларускай літаратуры. Калі паны тут гавораць па-польску, то персанажы-сяляне – упершыню ў літаратурным творы – па-беларуску. Польскі вершаваны тэкст у свой час пераклаў на беларускую мову Янка Купала, празаічны – Язэп Лёсік. У «Ідыліі»  Дунін-Марцінкевіч выявіў сябе як прыхільнік класавага міру і маральнага самаўдасканалення. Ён высмейваў фанабэрыстасць шляхты, сляпое захапленне ўсім французскім і адначасова ствараў вобраз добрага пана, які праз каханне да сялянскай дзяўчыны (тая нарэшце аказалася ўсё ж пераапранутай паненкай) палюбіў сялян і хоча, каб і яны яго любілі. Такая ідэалізацыя рэальнага жыцця тым не менш не перашкодзіла паказаць у п'есе характэрныя народныя тыпажы. Сапраўдным героем твора стаў не пан, а селянін Навум Прыгаворка, войт (наглядаў за працай прыгонных). Яго вобраз для Дуніна-Марцінкевіча значыў вельмі многа, імя гэтага персанажа ён выкарыстоўваў у якасці свайго псеўданіма. «Ідылія» карысталася вялікай папулярнасцю ў Беларусі, яе тэкст перапісвалі і распаўсюджвалі ў рукапісных спісах, у друку з'явіліся рэцэнзіі на пастаноўку твора. Опера была пастаўлена ў пачатку 1852 годзе ў  Мінску тэатрам Дуніна-Марцінкевіча, ролю Навума ў спектаклі выканаў сам аўтар.

Тэатр, або драматычны гурток, Дуніна-Марцінкевіча – створаны ім аматарскі тэатральны калектыў – існаваў у 1840-1850-я гады. Ён лічыцца першым беларускім нацыянальным тэатрам сучаснага тыпу. Трупа складалася больш чым з 20 чалавек, у іх ліку сам пісьменнік, ягоныя дзве дачкі і сын. У спектаклях удзельнічаў хор сялян з Люцынкі, існаваў і аркестр. Ставіліся галоўным чынам п'есы Дуніна-Марцінкевіча. Публіка і тэатральныя крытыкі адзначалі выдатныя акцёрскія здольнасці самога драматурга. Тэатр прытрымліваўся традыцый народнага мастацтва, вызначаўся дэмакратызмам. Пасля першай жа пастаноўкі «Сялянкі» дзейнасць калектыва была забаронена ўладамі, але спектаклі праходзілі (фактычна нелегальна) у розных гарадах Беларусі да 1856 года.

Дзеці Вінцэнта  Дуніна-Марцінкевіча – дачка Каміла і сын Міраслаў – у канцы 1840-х  яшчэ ў падлеткавым узросце, набылі вядомасць як таленавітыя піяністы-выканаўцы, выступалі з канцэртамі ў Мінску, Вільні, Кіеве, Варшаве. Бацька клапаціўся пра далейшае ўдасканаленне майстэрства дзяцей і ў 1851 годзе  звярнуўся да наследніка трона – вялікага князя Аляксандра Мікалаевіча з прашэннем аб іх залічэнні ў Парыжскую кансерваторыю на казённы кошт, аднак атрымаў адмову. Пазней Міраслаў вучыўся ў музычным інстытуце ў Варшаве. Каміла ж нават пісала музыку.

У 1850-х  Дунін-Марцінкевіч жыў пераважна ў Мінску. У 1854 годзе  памерла жонка пісьменніка. Пазней ён узяў шлюб з Марыяй Грушэўскай. Літаратар часта бываў у Вільні, дзе сустракаўся з многімі дзеячамі культуры і навукі. У 1854 годзе ен  ажыццявіў паездку на Палессе. Некалькі разоў наведваў Шчаўры. У гэты перыяд упершыню ў Мінску выйшлі з друку яго паэтычныя зборнікі: «Гапон» (1855), «Вечарніцы і Апантаны» (1855), «Цікавішся? Прачытай!» (1856), «Дудар беларускі, або Усяго патроху» (1857). У выданні ўвайшлі прысвечаныя жыццю сялян вершаваныя аповесці і апавяданні, напісаныя не толькі па-польску, але і па-беларуску. Гэта паэма «Гапон» – першы твор Дуніна-Марцінкевіча, створаны цалкам на беларускай мове, дзе апісваецца ўмоўнасць сацыяльнага падзелу грамадства. Беларускамоўныя аповесці «Дурны Зміцер, хоць хітры», «Стаўроўскія дзяды», «Купала», «Шчароўскія дажынкі» маюць выразныя фальклорныя матывы. Сярод апублікаваных у зборніках польскамоўных твораў найбольш значныя – апавяданні «Славяне ў XIX стагоддзі», прысвечанае барацьбе паўднёвых славян супраць туркаў, і «Літаратарскія клопаты» пра нялёгкі лёс пісьменніка, яго матэрыяльныя і душэўныя турботы, а таксама пра радасць ад людской падтрымкі. Апрача таго, у гэтых выданнях змешчаны і вершы на польскай і беларускай мовах.

Гэтыя публікацыі мелі рэзананс. У пецярбургскім часопісе «Сын Отечества» з'явіўся добразычлівы водгук «Беларуская літаратура», прысвечаны кнігам Дуніна-Марцінкевіча. Беларускі паэт і краязнавец Уладзіслаў Сыракомля змясціў шэраг рэцэнзій у варшаўскім і віленскім друку, назваўшы творы Дуніна-Марцінкевіча «феноменам, вартым увагі з таго менавіта погляду, што Марцінкевіч, першы ўзяўшы ў свядомыя рукі беларускую дуду нашага народа, здабыў з яе песню, якую народ зразумеў».

У 1857 годзе   Дуніным-Марцінкевічам напісаны беларуская балада «Травіца брат-сястрыца», дзе аўтар чарговы раз выкарыстаў фальклорны сюжэт, і «Быліцы, расказы Навума», што складаюцца з вершаваных аповесцяў «Злая жонка», у якой асуджаюцца амаральнасць і распуста, і «Халімон на каранацыі», прысвечанай апісанню святкавання з нагоды ўступлення на царскі пасад Аляксандра II, які абяцаў дараваць народу доўгачаканыя «свабоды». Гэтыя творы былі апублікаваны толькі ў сярэдзіне XX стагоддзя ў савецкіх часопісах «Беларусь» і «Полымя».

У другой палове 1850-х пісьменнік пераклаў з польскай мовы на беларускую паэму Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш» – эпапею, у якой намалявана шырокая карціна жыцця Беларусі пачатку XIX стагоддзя. Гэта быў першы ў свеце пераклад славутага твора на іншую славянскую мову. Яго меркавалася выдаць у Вільні ў 1859 годзе, два першыя раздзелы (быліцы) з дванаццаці ўжо былі набраны і нават збрашураваны, але ў апошні момант (фармальна з-за таго, што тэкст быў пададзены лацінскім шрыфтам) цэнзура не дазволіла выхад, і амаль увесь наклад знішчылі. Дунін-Марцінкевіч, спрабуючы ўратаваць выданне перакладу «Пана Тадэвуша», так абмаляваў сітуацыю ў сваім тлумачэнні ў Галоўны цэнзурны камітэт:

«В наших провинциях из ста крестьян, наверно, можно найти 10, которые хорошо читают по-польски, когда, напротив, из тысячи насилу сыщется один, знающий русский язык. То напечатав какое-либо белорусское сочинение русскими буквами, смело можно запереть оные в сундук, ибо... высший класс общества... не возьмет и в руки простонародной книги, а крестьяне хотя бы и желали читать повести и рассказы... не зная русских букв не в состоянии удовлетворить своего желания».

На той час беларуская мова ў афіцыйным ужытку не выкарыстоўвалася ўжо паўтара стагоддзя і старажытная традыцыя кірылічнага пісьменства, як і кнігадрукавання, была перарваная, а ў нешматлікіх публікацыях, дзе ўжывалася беларуская мова, звычайна выкарыстоўваўся лацінскі алфавіт. Аднак цэнзары з Санкт-Пецярбурга засталіся няўмольнымі. І толькі ў 1907 годзе  ў  пецярбургскім выдавецтве «Загляне сонца і ў наша ваконца» на падставе захаваўшыхся матэрыялаў (вядомы 4 ацалелыя экзэмпляры) гэты пераклад Дуніна-Марцінкевіча быў выдадзены.

У 1861 годзе  ў  Вільні асобным выданнем на польскай мове выйшла вершаванае гістарычнае апавяданне «Люцынка, або Шведы на Літве» (напісана ў 1857), дзе паэтызаваліся мужнасць і гераізм продкаў сучасных беларусаў у барацьбе з захопнікамі. Гэта апошняя кніга  Дуніна-Марцінкевіча, выдадзеная пры яго жыцці.

Пісьменніку і драматургу былі блізкія погляды шляхецкіх рэвалюцыянераў пачатку 1860-х.  Так, у  1861 годзе   разам з  Уладзіславам Сыракомлем ён ездзіў у Варшаву, па дарозе ў розных населеных пунктах выступаў з патрыятычнымі прамовамі. Гэтай дзейнасцю зацікавілася паліцыя, аднойчы паліцэйскія ўлады нават выслалі Дуніна-Марцінкевіча  з горада Коўна. У патрыятычным і дэмакратычным духу Вінцэнт  Дунін-Марцінкевіч выхоўваў сваіх дзяцей. Пісьменнік і яго сям'я мелі дачыненне да нацыянальна-вызваленчага руху, падтрымлівалі ўдзельнікаў паўстання  пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Як пазней адзначалася ў заключэнні Часовага палявога аўдытарыята – карнага органа, які здзяйсняў расправу над паўстанцамі, «...Марцинкевич виновен в том, что он воспитывал семейство свое не в духе преданности правительству, вследствие чего и сам не может считаться вполне благонадежным в политическом отношении».

Вядомы два фотаздымкі  Дуніна-Марцінкевіча, яны зроблены ў пачатку 1860-х  знакамітым мінскім фатографам Антонам Прушынскім. На адным з іх, групавым, сярод людзей, з якімі сфатаграфаваны пісьменнік і яго дачка Каміла, шмат хто апрануты ў вопратку паўстанцаў 1863 года – чамаркі са стаячым каўняром і цёмнымі гарызантальнымі палоскамі на грудзях. На адзіночным здымку – сам Дунін-Марцінкевіч у чамарцы. Між тым нашэнне такой вопраткі было строга забаронена і невыкананне забароны сімвалізавала ўдзел яе носьбіта ў патрыятычным руху. Яшчэ ў 1861 годзе  жандарамі быў складзены спіс удзельнікаў палітычных дэманстрацый у Мінску, тых, хто спяваў забаронены рэвалюцыйна-патрыятычны гімн. Пад нумарам 1 у спісе значылася Каміла Дуніна-Марцінкевіч, пад нумарам 2 – фатограф Прушынскі. Паўстанец А. Свентаржэцкі ўспамінаў, што Люцынка была адным з апорных пунктаў паўстання ў наваколлі мястэчка Ракаў.

Улады падазравалі  Дуніна-Марцінкевіча ў аўтарстве антыўрадавых выданняў, у прыватнасці агітацыйнай брашуры «Гутарка старога дзеда», дзе выкрываліся царскія парадкі, гучалі заклікі да сялян падтрымаць вызваленчы рух. У 1864 годзе  ён быў арыштаваны, больш як год прабыў у мінскім турэмным замку. Хоць галоўных абвінавачванняў даказаць не змаглі, на Вінцэнта  Дуніна-Марцінкевіча і яго сям'ю быў накладзены вялікі штраф, маёмасць часткова секвестравана (абмежавана права карыстання), яму самому прадпісвалася жыць, не выязджаючы з Люцынкі, пад наглядам паліцыі. Дачку пісьменніка Камілу на 10 гадоў выслалі на Урал, у горад Салікамск.

Апошнія гады  жыцця пісьменніка  (з сярэдзіны 1860-х да сярэдзіны 1880-х) прайшлі ў Люцынцы. Жыў ён у той час адасоблена, толькі зрэдку прыязджаў у Мінск. У гэты перыяд  Дунін-Марцінкевіч шмат пісаў, але ўсе спробы пісьменніка надрукаваць свае творы заканчваліся няўдачай. У 1866 годзе  ім была напісана на беларускай мове камедыя (ці, як вызначаў яе жанр сам пісьменнік, фарс-вадэвіль) «Пінская шляхта». Яна лічыцца лепшым з твораў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. У гэтай п'есе высмейваюцца фанабэрыя і адначасова страх перад уладамі дробнай шляхты, несправядлівы суд. Сцэнічнае ўвасабленне «Пінская шляхта» атрымала толькі ў 1917 годзе, пастаноўку ажыццявіла Першае беларускае таварыства драмы і камедыі ў мінскім гарадскім тэатры. А ў 1918 – п'еса была ўпершыню апублікавана ў газеце «Вольная Беларусь».

У 1868 годзе  Дуніным-Марцінкевічам створана польскамоўная паэма «З-над Іслачы, або Лекі на сон» (аўтар назваў яе «апавяданнем Навума Прыгаворкі»), дзе ідылічнаму ладу старасвецкіх шляхецкіх засценкаў, які адыходзіць, супрацьпастаўляецца новая рэчаіснасць з яе цынізмам і прагай нажывы. Упершыню гэты твор быў надрукаваны толькі ў 1984 ужо ў перакладзе на беларускую мову.

Па-беларуску і па-польску гаварылі персанажы сатырычнай камедыі «Залёты», якая выйшла з-пад пяра  Дуніна-Марцінкевіча ў 1870. У гэтым творы далейшае развіццё атрымала тэма спажывецтва і беспрынцыпнасці, уласцівых надыходзячаму капіталізму. Польскі тэкст на беларускую мову ў пачатку XX стагоддзя  пераклаў Янка Купала, у 1915 годзе «Залёты» былі пастаўлены ў Вільні Беларускім музычна-драматычным гуртком. А першая публікацыя гэтай п'есы адбылася ў газеце «Вольная Беларусь» у 1918.

У 1876 годзе быў узноўлены (на гэты раз сакрэтна) нядаўна зняты нагляд паліцыі над пісьменнікам. Падставай паслужыў той факт, што ў сярэдзіне 1870-х у Люцынцы без афіцыйнага дазволу дзейнічала невялікая прыватная школа, дзе навучала навакольных дзяцей дачка пісьменніка Цэзарына. У гэты час, як успамінаў адзін з колішніх вучняў школы вядомы беларускі пісьменнік Ядвігін Ш., гаспадар фальварка шмат пісаў і захоўваў свае рукапісы ў вялікім куфры. Але большая частка напісанага не захавалася.

Памёр Вінцэнт  Дунін-Марцінкевіч 29 снежня 1884 года (па новым стылі). Пахаваны на могілках ва ўрочышчы Тупальшчына недалёка ад Люцынкі. Постаць і творчасць яго  з цягам часу становяцца ўсё больш значнымі для беларускай культуры. Доўгі час, пакуль не сталі вядомы архіўныя дакументы, якія больш глыбока раскрылі  Дуніна-Марцінкевіча як асобу, літаратара лічылі дваранскім рэвалюцыянерам, лібералам і сентыменталістам, слабым і непаслядоўным пісьменнікам з імкненнем да ідэалізацыі рэчаіснасці. Але за апошнія дзесяцігоддзі літаратуразнаўцы змаглі па-новаму ўбачыць яго як творцу і грамадзяніна. Усё сваё жыццё ён  фактычна знаходзіўся ў супярэчнасці з царскімі ўладамі, хоць і імкнуўся не даводзіць да адкрытага канфлікту. Складаныя абставіны эпохі, клопат пра сваю шматлікую сям'ю часам вымагалі ад пісьменніка не выказваць свае памкненні адкрыта, спрабаваць знайсці пэўны кампраміс.

Роля  Дуніна-Марцінкевіча як аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры (у тым ліку драматургіі) і нацыянальнага тэатра надзвычай вялікая.  Літаратар  быў добра знаёмы з беларускай народнай творчасцю, шырока выкарыстоўваў фальклорныя здабыткі. У лісце да вучонага-славіста Я. Карловіча Дунін-Марцінкевіч пісаў:

«...Я, пішучы апавяданнейкі не для дактароў філасофіі, а для сялян, прыбіраў тых дзетак майго духу не ў эстэтычныя сукенкі, а ў простыя народныя сярмяжкі, каб гэты цёмны народ не баяўся з імі пазабаўляцца».

Помнік пісьменніку ўсталяваны ў вёсцы Малая Люцінка Валожынскага раёна Мінскай вобласці, памятным знакам адзначана месца, дзе знаходзіўся яго дом. У Бабруйску перад будынкам тэатра стаіць бюст Дуніна-Марцінкевіча, на касцёле ўсталявана мемарыяльная дошка. На яго магіле ўжо ў наш час замест колішняга крыжа пастаўлены помнік-бюст (скульптар – Ю. Платонаў). На радзіме пісьменніка ў вёсцы Сычкава Бабруйскага раёна ўсталявана мемарыяльная дошка. Выява В. Дуніна-Марцінкевіча адлюстравана на медальёне, памятных медалях, марках і паштоўках. Выпушчана юбілейная манета.

200-годдзе пісьменніка адзначалася ў Беларусі на дзяржаўным узроўні. Удзел у мерапрыемствах з нагоды юбілею прымае Арганізацыя Аб'яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА).

Спіс выкарыстаных крыніц

  1. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і працэс міжславянскіх літаратурных узаемасувязяў: Матэрыялы V Міжнародных Ракаўскіх чытанняў / Пад агульн. рэд. В.П. Рагойшы і М.В. Хаўстовіча. Мінск, 2005.
  2. Вінцэнт Якуб Дунін-Марцінкевіч: Жыццё і творчасць / Аўтар-склад. У.І. Содаль. Мінск, 1997.
  3. Грынчык М.М. Дунін-Марцінкевіч Вінцэнт // Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Т. 6. Мінск, 1998. С. 260-261.
  4. Грынчык М.М. Дунін-Марцінкевіч Вінцэнт // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. У 5 т. Т. 2. Мінск, 1985. С. 379-381.
  5. Дзянісаў У. Яшчэ раз пра мінскі дом Дуніна-Марцінкевіча // Шляхам гадоў: Гіст.-літ. зб. / Уклад. У. Мархель. Мінск, 1993. С. 294-298.
  6. Запартыка Г. Гэта мая знаходка... // Люблю наш край...: Валожыншчына літаратурная: проза, паэзія, публіцыстыка, драматургія, ліставанне / Уклад., падрыхт. тэкстаў і камент. В. Рагойшы. Мінск, 2006. С. 413-416.
  7. Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу: Гіст.-літ. нарысы. Мінск, 1984. С. 69-79.
  8. Кісялёў Г.В. Ад Чачота да Багушэвіча: Праблемы крыніцазнаўства і атрыбуцыі беларускай літаратуры XIX ст. Мінск, 2003.
  9. Кісялёў Г. Героі і музы: Гіст.-літ. нарысы. Мінск, 1982. С.4-13, 213-229.
  10. Кісялёў Г.В. Дунін-Марцінкевіч Вінцэнт // Беларускія пісьменнікі: Біябібліягр. слоўн. У 6 т. Т. 2 / Ін-т літ. імя Я. Купалы АН Рэспублікі Беларусь, Беларус. Энцыкл.; Пад рэд. А.В. Мальдзіса. Мінск, 1993. С. 407-409.
  11. Кісялёў Г. Радаводнае дрэва: Каліноўскі - эпоха - наступнікі. Мінск, 1994. С. 104-119, 181-186, 243-247.
  12. Кісялёў Г. Слова пра Дуніна-Марцінкевіча // Люблю наш край...: Валожыншчына літаратурная: проза, паэзія, публіцыстыка, драматургія, ліставанне / Уклад., падрыхт. тэкстаў і камент. В. Рагойшы. Мінск, 2006. С. 50-54.
  13. Кісялёў Г. Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча. Мінск, 1988.
  14. Лойка А.А. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч // Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. У 2 ч. Ч. 1: Падруч. для філал. фак. ВНУ. Мінск, 1989. С. 143-177.
  15. Майхровіч С. В.І. Дунін-Марцінкевіч. Мінск, 1955.
  16. Пачынальнікі: З гіст.-літар. матэрыялаў XIX ст. / Уклад. Г.В. Кісялёў; Рэд. В.В. Барысенка, А.І. Мальдзіс. 2-е выд. Мінск, 2003. С. 109-172, 511.
  17. Сыракомля У. Добрыя весці: Паэзія, проза, крытыка / Уклад. і камент. У. Мархеля, К. Цвіркі. Мінск, 1993. С. 492-516.
  18. Янушкевіч Я.Я. Беларускі Дудар: Прабл. славян. традыцый і ўплываў у творчасці В. Дуніна-Марцінкевіча. Мінск, 1991.
  19. Янушкевіч Я.Я. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч // Гісторыя беларускай літаратуры XI-XIX стагоддзяў. У 2 т. Т. 2. Новая літаратура : другая палова XVIII - XIX стагоддзе / Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т літ. імя Я. Купалы; навук. рэд. тома У.І. Мархель, В.А. Чамярыцкі. Мінск, 2007. С. 198-233.
  20. Янушкевіч Я. «Ён першы сеяў зярняты... » // Дунін-Марцінкевіч В. Творы / Уклад., прадм. і камент. Я. Янушкевіча. Мінск, 1984. С. 3-16.
  21. Янушкевіч Я. Патрыярх з Малой Люцінкі // Янушкевіч Я. За архіўным парогам: Бел. літ. XIX-XX стст. у святле арх. пошукаў. Мінск, 2002. С. 3-60.
  22. Янушкевіч Я. Юзэфа Марцінкевічава з Бараноўскіх // Роднае слова. 2007. № 9. С. 86-87.

Нацыянальны архіўны фонд Рэспублікі Беларусь

3D ЭКСКУРСИИ
КЛИПЫ
СОЦИАЛЬНАЯ РЕКЛАМА
Видеопрезентация
МНЕНИЕ
ВОПРОС-ОТВЕТ