СТИХИ ИЗ ПЕСКА
Погода
19.0°C
Без особых явлений
Брест
20.1°C
Без особых явлений
Витебск
19.7°C
Без особых явлений
Гомель
16.0°C
Ливневый дождь
Гродно
15.3°C
Дождь
Минск
18.5°C
Без особых явлений
Могилёв
ИСТОРИЯ В КАРТИНАХ
РУССКИЙ ЯЗЫК НОВОГО ПОКОЛЕНИЯ
Сейчас смотрят
Совет Республики Национального собрания Республики Беларусь — одна из палат парламента. Состав Совета Республики — 64 члена.
Выборы в Совет Республики Национального собрания Республики Беларусь
Коложская, или Борисоглебская, церковь — древнейший памятник белорусской архитектуры, великолепный, не имеющий аналогов, образец древнего зодчества.
Коложская церковь в Гродно. История
Факультет автоматизированных систем управления и ЭВМ был создан в 1974 году в Минском Высшем инженерном зенитном ракетном училище ПВО.
Факультет связи и автоматизированных систем управления
Прессомассаж – это аппаратная косметологическая методика, в основе которой лежит воздействие на ткани с помощью сжатого воздуха.
Прессомассаж
Едва ли не каждый в детстве задумывался, как делают мягкие игрушки. Многие наверняка пытались их изготовить самостоятельно. Процесс создания будущего «друга» представлялся волшебным и загадочным. Отправляемся на фабрику подсмотреть за этим волшебством!
Как делают мягкие игрушки?
Инкубатор малого предпринимательства частное консалтинговое унитарное предприятие «БелТрастинфо» — единственный инкубатор на территории Гомельской области.
Инкубатор «БелТрастинфо»
Программа ТВ

Вясковая, ваенная, гістарычная і гарадская тэмы ў беларускай літаратуры

Вясковая, ваенная, гістарычная і гарадская тэмы ў беларускай літаратуры

Мяжы ХХ-ХХІ стагоддзяў: вычарпаныя тэмы і лакуны

Назва гучыць правакацыйна, але, насамрэч, гаворка будзе весціся на вельмі традыцыйныя для беларускай літаратуры тэмы. Але спачатку варта прапанаваць гіпотэзу пра шчыльную сувязь вычарпаных тэм і тэматычных лакун. Калі мы канстатуем ці падазраем збыткоўнасць, вычарпанасць нейкай тэмы ў літаратуры, то спачатку трэба падкрэсліць яе папулярнасць у першую чаргу сярод пісьменнікаў. І ў беларускай літаратуры на першым месцы вясковая і ваенная тэмы [1].

Вясковая проза – проза пра жыццё вёскі і яе жыхароў, найбуйнейшая тэматычная плынь у беларускай літаратуры, пачынаючы з пачатку ХХ стагоддзя (“Зямля”, “Лявон Бушмар” К. Чорнага, “Вязьмо” М. Зарэцкага, “Адшчапенец” Я. Коласа, “Мядзведзічы” К. Крапівы). Несупадзенне аб’ектыўных падзей у вёсцы з адміністрацыйным кіраваннем літаратурай і некаторымі іншымі пазалітаратурнымі фактарамі не дазвалялі пісьменнікам рэалізавацца ў гэтай тэме. Ухваленне рассяляньвання ў літаратуры  1930-40-х гг., зараджэнне ў 1950-х гг. класічнай тэндэнцыі да асэнсавання ролі сялян у жыцці нацыі, пераключэнне з эканамічнага аспекту на этычны ў 1960-х гг. [8].

На працягу дзесяцігоддзяў ідзе хай не заўсёды натуральнае, але відавочнае разгортванне тэмы, узаемадзеянне традыцыі і наватарства. Але хацелася б акцэнтаваць увагу на найвышэйшай, паводле Ю. Борава, форме іх узаемадзеяння – канцэнтрацыі [4, 14-15], калі з’яўляецца пісьменнік, які неабавязкова прыносіць нешта новае ў нацыянальную літаратуру, але абавязкова падсумоўвае зробленае папярэднікамі, паядноўвае лепшыя эстэтычныя адкрыцці. Калі глядзець на літаратуру звонку, то знаёмства з творамі гэтага аўтара дастаткова, каб зразумець усё пра пэўную тэму, эстэтычны кірунак ці жанр у канкрэтнай нацыянальнай літаратуры. І ў беларускай вясковай прозе ў функцыі пісьменніка- “канцэнтратара” выступіў І. Мележ, літаратуразнаўцы адзначалі [8], што ў трылогіі “Палеская хроніка” І. Мележ скандэнсаваў лірызм Я. Коласа і аналітызм К. Чорнага, а таму гэты твор стаў своеасаблівым падсумаваннем усёй ранейшай вясковай прозы ў беларускай літаратуры. Але ў творы гаворка вядзецца пра часы калектывізацыі, жыццё ж прапаноўвала новыя выклікі, і ў 1970-80-х гг. аўтары звяртаюцца да экалагічнай праблематыкі, пісьменнікі, апярэдзіўшы навукоўцаў, пачалі казаць пра спецыфічна беларускія праблемы, звязаныя з умяшальніцтвам чалавека ў працэсы прыроды: асушэнне Палесся (меліярацыя балот), забруджванне наваколля хімічнымі рэчывамі і радыяцыяй [12] (публіцыстыка А. Адамовіча, В. Казько “Цвіце на Палессі груша” (1978),  “Неруш” (1981), “Выратуй і памілуй нас, чорны бусел” (1991), Б. Сачанка “Родны кут” (1987)). Потым  адбываецца тэхнагенная чарнобыльская катастрофа, і экалагічная тэма ў вясковай прозе выходзіць на новы віток.

Аб’ектыўная наяўнасць працэсаў індустрыялізацыі і ўрбанізацыі мелі сваім вынікам змяншэнне колькасці вясковага насельніцтва, паступова ў літаратуры тэма вёскі становіцца маргінальнай, другаснай. Традыцыйныя каштоўнасці патрыярхальнага грамадства страчваюць актуальнасць, пісьменнікі, выхадцы з вёскі, асэнсоўваюць змены ў псіхалогіі гараджан у першым пакаленні (М. Стральцоў, А. Федарэнка, А. Наварыч і інш.).

Аб’ектыўная рэалізацыя вясковай тэмы ў літаратуры канца ХХ ст. прывяла да канстатацыі змрочнага жыцця ў вёсцы і дэградацыі вяскоўцаў: людзі ў выселеных пасля Чарнобыля вёсках (“Бляха” А. Федарэнкі), алкагалізм вясковага насельніцтва (“Вёска” А. Федарэнкі), гэтай аб’ектыўнай тэндэнцыі супрацьстаіць спроба адстойваць высокія маральныя каштоўнасці вяскоўцаў, падкрэсліваць асаблівую філасофію вясковага жыцця і яго спакой у супрацьвагу гарадской мітусні (творы М. Вайцяшонак) [13].

Але ў выніку ўсё багацце беларускай вясковай прозы можна паспрабаваць звесці да трох тэкстаў: “Новая зямля” Я. Коласа, “Людзі на балоце” І. Мележа і “Вёска” А. Федарэнкі. Тут варта падкрэсліць, што ланцуг тэкстаў, якія складаюць Вялікую традыцыю праз увесь час пераструктуроўваецца па розных прычынах, задача крытыкаў і літаратуразнаўцаў своечасова намінаваць творы на кананізацыю [2, 128]. А потым з гэтага спіса хтосьці будзе знікаць па эстэтычных (з’явіўся лепшы твор на тую ж тэму) ці ідэалагічных прычынах.

Вяртаючыся да пытання ўзаемазалежнасці вычарпанай тэмы і тэматычных лакун, можна на прыкладзе вясковай тэмы зірнуць на працу гэтага механізму. У рэальнасці і літаратуры вёска прайшла шлях ад заканадаўцы маралі да дэградаванай супольнасці (прашу не вінаваціць мяне ў змрочных і збыткоўных абагульненнях, але тут па-літаратурнаму раблю акцэнт на новае, новым жа для сучаснай вёскі стаў рэгрэс). Але “Вёска” А. Федарэнкі, па суб’ектыўных адчуваннях, не выглядае на чаканую канцэнтрацыю традыцыі. І тут ёсць лакуна. Магчыма, гэты тэкст зараз недзе пішацца ці нават напісаны. Але гэта будзе тэкст, які немагчыма будзе праігнараваць. І калі ў рэальным жыцці вёскі не адбудзецца кардынальных змен (новае жыццё ў аграгарадках), то гэты тэкст канчаткова завершыць доўгую і багатую традыцыю беларускай вясковай прозы.

Падобным чынам выглядае ваенная тэма ў беларускай літаратуры, традыцыі яе адлюстравання распрацоўваліся класікамі М. Гарэцкім, К. Чорным, М. Лыньковым. Эвалюцыю беларускай ваеннай прозы даследчыкі [9] вызначаюць трыма перыядамі: 1) 1940-1950-я гг. – чорна-белы, часам рамантызаваны паказ вайны, з ідэальным героем і бесканфліктнасцю, уласцівымі паэтыцы сацрэалізму. 2) к. 1950-х-1970-я гг. вызначаюцца адыходам ад схематызму, увагай да псіхалогіі герояў, набліжэннем да экзістэнцыялізму, а таксама спробай убачыць адценні: ужо ворагі малююцца не толькі чорнай фарбай, гэтаксама як свае не толькі белай. 3) у 1980-2000-я гг. распачынаецца пераасэнсаванне вайны, своеасаблівы “літаратурны прэзентызм” аўтары пішуць творы пра ваенныя падзеі, кіруючыся дакументамі і фактамі, якія адкрыліся ў пазнейшы час (І. Чыгрынаў “Не ўсе мы згінем” і В. Быкаў “Пакахай мяне, салдацік”). У гэты час можна казаць пра калабаранцкі рух, пра тое, як свае забівалі сваіх (В. Адамчык “Голас крыві брата твайго”, І. Чыгрынаў “Вяртанне да віны” і “Не ўсе мы згінем”, С. Балахонаў “Пятнаццаць лішніх хвілін”). Ужо партызаны не героі (“Сорак трэці” І. Навуменкі, “Сцюжа” В. Быкава, “Нязрушаны камень” В. Адамчыка), для кожнага ўчынку чалавека на вайне шукаецца апраўдальная матывацыя, аўтары знаходзяць “добрага немца” (А. Адамовіч, Я. Брыль, У. Калеснік “Я з вогненнай вёскі”, М. Аўрамчык “Палон” і “У падзямеллі”, А. Адамовіч “Немой”). І раптоўна ўдзельнік вайны, пераможца, з героя становіцца грэшнікам: той, хто выжыў у вайну, не мог зрабіць гэтага без парушэння маралі (В. Быкаў “Кар’ер”). І ўрэшце героямі ваеннай прозы становяцца святары і вернікі (І. Жарнасек “Будзь воля Твая”). Але пры такой колькасці тэкстаў і пры такім вычарпальным ідэйным плюралізме ў паказе вайны (калі чорны і белы колер фактычна мяняюцца месцамі) мы мусім канстатаваць, што няма таго адзінага твора, які змог бы “сканцэнтраваць” ваенную традыцыю беларускай літаратуры. Тэма нібыта вычарпана, застаецца гадоў дваццаць да таго часу, калі з’явіцца ў літаратуры пакаленне, што не заспела ні гэтай вайны, ці яе сведкаў і ўдзельнікаў, а таму тэма пяройдзе ў разрад гістарычнай. Тут таксама можна канстатаваць калі не вычарпанасць тэмы, то вычарпальную яе рэалізацыю ў літаратуры, і лакуну – адсутнасць падсумавання.

Калі ж прааналізаваць гістарычную прозу, то даследчыкі [10] адзначаюць наяўнасць дзвюх тэндэнцый. Храналагічна першай стала тэндэнцыя рамантызацыі гісторыі, калі актуалізацыя гісторыі Беларусі ў літаратуры ІІ паловы ХХ ст. адбывалася ў рамантычным рэчышчы (У. Караткевіч). П. Банцэвіч у культуралагічнай дысертацыі падкрэсліваў, што Праз зварот да гісторыі, фальклору, міфалогіі, дакументальнай рэканструкцыі падзей аўтар сцвярджаў традыцыйныя маральна-этычныя каштоўнасці і патрыятычны пафас, дбаў пра займальнасць і авантурнасць сюжэту, арыентаваўся на нацыянальную свядомасць як фактар культуратворчасці, на выхаванне моладзі праз веды, культуру; клапаціўся пра ўзвышэнне мовы, заклікаў да актыўнага патрыятызму і дэманстратыўнага сцвярджэння беларускіх каштоўнасцей, да асэнсавання нацыянальнай культуры ў славянскім і еўрапейскім кантэксце, да вывучэння народа як суб’екта культуры, да даследаванне беларускага нацыянальнага характару, да пошуку ідэальнай мадэлі грамадства [3]. Гэтыя творы адначасова спрыялі падтрымцы  сацыякультурнай памяці і прадукавалі новыя ідэалы і новыя стэрэатыпы, якія фарміруюць будучыню краіны і народа. Рамантычная гістарычная проза скіравана на тое, каб адукоўваць свайго чытача, дапамагаць яму адчуць сваю нацыянальную прыналежнасць і гонар за яе (асабліва гэта было актуальна ў савецкі час, калі афіцыйна ўхвалялася рабоча-сялянскае паходжанне людзей, тэксты У. Караткевіча давалі магчымасць убачыць іншую эліту – шляхту, інтэлігенцыю). У канцы ХХ ст.-пач. ХХІ с. тэндэнцыю рамантызацыі гісторыі складаюць творы В. Іпатавай, Л. Рублеўскай, Л. Дайнекі, В. Чаропкі, раннія творы У. Арлова, Л. Дайнекі, К. Тарасава, Г. Далідовіча). Рамантычная гістарычная проза абапіралася не столькі на адукаванасць чытачоў, апелявала не столькі да яго розуму, колькі да яго эмоцый: аўтар працуе на тое, каб яму паверылі.

У канцы ХХ стагоддзя адбылася змена сацыякультурнай парадыгмы. Немагчымасць прадбачыць ход гісторыі, расчараванне ў колішніх ідэалах прывялі да запачаткавання новай тэндэнцыі ў гістарычнай прозе - тэндэнцыі інтэлектуалізацыі. Цяпер у творы інтэрпрэтацыя гістарычнага факта важней за яго самога. Аўтары не захапляюцца гісторыяй, а прапаноўваюць уласную яе  канцэпцыю, якая можа не толькі не супадаць з агульным меркаваннем пра нейкую гістарычную падзею, а разбураць яго. Аўтары не патрабавалі безгранічнага даверу, а доказна і аргументавана (але не значыць – аб’ектыўна!) падводзілі чытача да новых, нечаканых рэканструкцый і высноў, якія не кожны чалавек, вы.гадаваны на творах Караткевіча, гатовы быў прыняць. У рэчышчы гэтай тэндэнцыі пішуць А. Асіпенка, У. Арлоў, А. Наварыч, А. Федарэнка, А. Астаўцоў, А. Гуцаў, С. Балахонаў. На сённяшнім этапе рамантычная проза разгалінавалася на інтэлектуальную гістарычную прозу, рамантычны гістарычны дэтэктыў і прыгодніцкі раман [5].

Далейшая праца з гістарычнымі фактамі ці гісторыяй Беларусі наогул выявіліся ў жанрах містыфікацыі і альтэрнатыўнай гісторыі. У гістарычных містыфікацыях (2000-я гг.) робіцца спроба стварэння тэкстаў, якія выконваюць пераважна забаўляльную функцыю, але навуковы (псеўданавуковы) узровень гэтых тэкстаў і іх закрытасць для расшыфроўкі шараговым чытачом робяць амаль немагчымым дасягненне асалоды, адэкватнай аўтарскім чаканням (С. Балахонаў). Рэдкія выпадкі альтэрнатыўнай гісторыі ў беларускай літаратуры (канец 2000-х гг.) абапіраюцца на самыя падставовыя гістарычныя веды чытачоў і выконваюць пераважна ідэалагічную функцыю (“Пятля зацятасьці” С. Балахонава, “Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію” Л. Рублеўскай).

Самым важным пунктам у разгортванні гістарычнай тэмы застаецца творчасць У. Караткевіча, творы астатніх пісьменнікаў з’яўляюцца важнымі ў момант іх стварэння, у большасці выпадкаў яны маюць актуальны гістарычны кантэкст, па-за якім могуць страчваць некаторыя вартасці (так адбылося з творамі У. Арлова) [7]. Але тут зноў жа адсутнічае тэкст-канцэнтрацыя традыцыі.

Калі мы гаворым пра літаратуру ўрбаністычную, гарадскую, у супрацьвагу вясковай, то мусім канстатаваць агульную маргіналізацыю. Героі беларускай прозы амаль усяго ХХ ст. функцыянавалі ў творы ў суадносінах з сістэмай традыцыйных каштоўнасцей (станоўча ацэньваліся носьбіты традыцыйных каштоўнасцей). У трагічных умовах герой мог зламацца ці падпарадкоўвацца сітуацыі, але гэта было безальтэрнатыўным варыянтам разгортвання падзей (адзін чалавек не мог супрацьпастаяць дзяржаўнай машыне і паўстаць, напрыклад, супраць раскулачвання ці гвалтоўных метадаў калектывізацыі). Змена сацыяльна-грамадскага ладу і як вынік статусу пісьменніка ў прыватнасці і літаратуры наогул прывялі да звужэння кола жыццёвых фактаў, якія маглі адлюстроўвацца ў літаратуры, да абмежавання магчымасцей па асэнсаванні сучаснага жыцця, да адсутнасці выразнага героя-сучасніка. З цягам часу сфарміраваліся тры тыпы герояў: 1) рамантычныя героі, “дзівакі”, з выразным разуменнем дабра і ліха, уцякаюць ад нядобразычлівай рэчаіснасці ў свет сваіх фантазій ці хобі (Л. Рублеўская “Золата забытых магіл”, “Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію”); 2) героі-стоікі, пэўныя сваіх перакананняў і гэта надае ім сілы, яны могуць жыць не ў адпаведнасці з традыцыйнай сістэмай каштоўнасцей, але заўсёды ўсведамляюць гэта. Яны альбо гуляюць па правілах, па якіх жыве грамадства (хоць могуць быць незадаволенымі гэтымі правіламі – героі позніх твораў І. Шамякіна (“Сатанінскі тур”), В. Казько (“Да сустрэчы…”), героі Г. Багданавай з кн. “Дом іхняе мары”), альбо стараюцца парушыць гэтыя правілы для прыцягнення ўвагі да сваёй асобы для ўласнага камфорта (“Любіць ноч – права пацукоў”, “Мільярд удараў” Ю. Станкевіча, “Тэксты” А. Глобуса, “Гісторыя хваробы”, “Рэвізія”, “Нічые” А. Федарэнкі, “Вячэра манекенаў” Р. Баравіковай, “Шлях дробнай сволачы” Е. Вежнавец, “Галоўная памылка Афанасія” Ю. Каляды); 3) героі-нявольнікі, чыё фарміраванне асобы прыпадае на адзін грамадскі лад (і часта не паспявае завяршыцца), а другую палову жыцця трэба прыстасоўвацца да іншых сацыяльна-палітычных умоў. Жыццё выклікае ў іх адчуванне разгубленасці і бездапаможнасці (“Дзве тысячы слоў пра Завалюхіна”, “Прыватны пляж на ўзбярэжжы Леты”, “Натуральная афарбоўка”, “Праклятыя госці сталіцы” А. Бахарэвіча, “Помнік атручаным людзям” С. Календы, “Бег” А. Талстова). Яны не могуць вырашаць відавочныя пытанні, выяўляюцца маргіналамі, чалавеканенавіснікамі, песімістамі, шмат рэфлексуюць, мала дзейнічаюць, яны – ахвяры звыклай рэчаіснасці, для іх быць пацярпелым – лад жыцця, яны легітымуюць слабасць. Гэтым героям незнаёмае пачуццё патрыятызму, яны здраджваюць сяброўству і каханню, бо здрада нявольніка – кампенсацыя за яго прыніжэнне [гл. 6].

У сучаснай літаратуры паступова фарміруецца постмадэрнісцкі герой, пазбаўлены індывідуальных рыс, чалавек-маска без мінулага і будучыні, у яго жыцці нічога не адбываецца (З. Вішнёў “Трап для сусьліка, альбо Нэкрафілічнае даследаваньне аднаго віду грызуноў”, І. Сін “Нуль”, А. Бахарэвіч “Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў”, “Натуральная афарбоўка”, В. Гапеева “Рэканструкцыя неба” [11].

Такім чынам, у беларускай літаратуры ХХ – пач. ХХІ стст. пры наяўнасці належнага корпусу тэкстаў у вясковай, ваеннай, гістарычнай і гарадской тэмах адсутнічаюць апорныя творы-канцэнтрацыі. Гэта больш-менш натуральна для гарадской тэмы, бо гэта наша актуальнае жыццё, мусяць назапашвацца творы, дзе асэнсоўваецца быццё сучаснага чалавека (шкада, мала крокаў у гэтым кірунку). Лакуна (адсутнасць тэксту-канцэнтрацыі) у вясковай, ваеннай і гарадской тэмах мусіць быць запоўнена, бо інакш сучасныя пісьменнікі мусяць распісацца ва ўласнай няздольнасці да асэнсавання жыцця не сучаснага чалавека ці краіны, а народа. А гэта прысуд не пісьменнікам, а літаратуры.

Использованные источники

1. Адамович, А. Война и деревня в современной литературе / А. Адамович // Додумывать до конца / А. Адамович. – М.: Советский писатель, 1988. С. 17-198.

2. Ассман, А., Ассман, Я. Канон и цензура / А. Ассман, Я. Ассман // Немецкое философское литературоведение наших дней: Антология / Сост. Д. Уффельман, К. Шрамм. – Санкт-Петербург: Издательство Санкт-Петербургского ун-та, 2001. – С. 125—155.

3.Банцэвіч П.К. Творчасць Уладзіміра Караткевіча ў кантэксце культуралогіі / П.К. Банцэвіч. – Гродна : ГДАУ, 2007. – 310 с.

4.Борев, Ю. Художественный процесс (проблемы теории и методологии) / Ю. Борев // Методология анализа литературного произведения / отв. ред. Ю. Борев. – М.: Наука, 1989. – С. 4–30.

5.Бязлепкіна, А. Авантурызацыя гісторыі / А. Бязлепкіна. – Полымя. – 2009. – № 5. - С. 155-157.

6.Бязлепкіна, А.П. Пазалітаратурныя фактары фарміравання аўтарскіх стратэгій сучасных беларускіх пісьменнікаў / А.П. Бязлепкіна // Мова – Літаратура – Культура : матэрыялы VI Міжнар. навук. канф., Мінск, 28-29 кастр. 2010 г. У 2 ч. Ч.2 / БДУ. – Мінск : Выд. Цэнтр БДУ, 2011. – С. 107 – 113.

7.Бязлепкіна А.П. Эвалюцыя гістарычнай прозы ў беларускай літаратуры: ад рамантычных твораў да альтэрнатыўнай гісторыі / А.П. Бязлепкіна // Рэгіянальнае, нацыянальнае і агульначалавечае ў славянскіх літаратурах : матэрыялы Міжнародных навуковых чытанняў, да 85-годдзя з дня нараджэння Івана Навуменкі (Гомель, 7-8 кастрычніка 2010 г) / [рэдкалегія : І.Ф. Штэйнер]. – Гомель, 2010. – С. 281-287.

8.Гапава, В.І. Зменлівае і спрадвечнае: Вопыт тыпалагічнага даследавання беларускай і польскай “вясковай прозы” / В.І. Гапава. – Мінск: Навука і тэхніка, 1975. – 189 с.

9.Данільчык А. Канцэпцыя чалавека ў беларускай і італьянскай ваеннай прозе : аўтарэф.дыс.... канд.філал.навук: 10.01.01, 10.01.03 / А.А. Данільчык, Нац.акад.навук Беларусі. Ін-т літ.імя Я.Купалы. – Мiнск, 2002. – 20 с.

10.       Дарагакупец, А. Тэндэнцыі рамантызацыі і інтэлектуалізацыі ў  сучаснай беларускай гістарычнай прозе : аўтарэф. дыс.  … канд.філал. навук : 10.01.01. / А.М. Дарагакупец ; БДУ. – Мінск, 2005. – 19 с.

11.       Дзенісюк Н.В. “Смерць суб’екта”, альбо праблема літаратурнага героя ў постмадэрнісцкіх тэкстах / Н.В. Дзенісюк // Выяўленча-мастацкія, арганізацыйныя і ідэалагічныя праблемы сучаснай беларускай літаратуры ў яе сувязях з грамадскімі практыкамі: матэрыялы Рэспубліканскай навукова-тэарэтычнай канферэнцыі (Мінск, 19―20 мая 2009 года) / [рэдкалегія: М. А. Тычына (навуковы рэдактар) і інш.] – Мінск, 2009. – С. 111 – 116.

12.Карако, П.С. Природа в художественной литературе / П.С. Карако. – Минск: Экоперспектива, 2009. – 304 с.

13.Мельнікава, А.М. Маральны патэнцыял твораў М. Вайцяшонак // Выяўленча-мастацкія, арганізацыйныя і ідэалагічныя праблемы сучаснай беларускай літаратуры ў яе сувязях з грамадскімі практыкамі: матэрыялы Рэспубліканскай навукова-тэарэтычнай канферэнцыі (Мінск, 19―20 мая 2009 года) / [рэдкалегія: М. А. Тычына (навуковы рэдактар) і інш.] – Мінск, 2009. – С. 292 – 296.

3D ЭКСКУРСИИ
КЛИПЫ
СОЦИАЛЬНАЯ РЕКЛАМА
Видеопрезентация
МНЕНИЕ
ВОПРОС-ОТВЕТ