СТИХИ ИЗ ПЕСКА
Погода
12.2°C
Дымка
Брест
9.5°C
Дымка
Витебск
13.5°C
Без особых явлений
Гомель
12.4°C
Дымка
Гродно
11.1°C
Без особых явлений
Минск
10.5°C
Дымка
Могилёв
ИСТОРИЯ В КАРТИНАХ
РУССКИЙ ЯЗЫК НОВОГО ПОКОЛЕНИЯ
Сейчас смотрят
«Утром нет аппетита», «Не успеваю поесть с утра», «Ничего не произойдет, если я не поем, тем более я на диете»… Как часто вы произносите подобные слова?
Завтрак –– залог красоты и здоровья
Декоративная косметика способна не только подчеркнуть природную красоту, но и скрыть множество недостатков.
10 типичных ошибок макияжа
Белорусская федерация футбола — организация, которая ведет контроль и управление футболом в Республике Беларусь. Осуществляет организацию национального чемпионата, сборных страны, поддержки, развития и популяризации белорусского футбола.
Белорусская федерация футбола
Фотографии белорусских красот.
Вокруг Беларуси
28 июля 1939 года Верховный Совет БССР принял закон “Об организации Народного комиссариата автомобильного транспорта БССР”. Именно с этого момента началось становление автотранспорта общего пользования республики, оформление его в самостоятельную отрасль.
История
Небольшой репортаж о самолетах Гродненской авиакомпании и «Белавиа», а также аэропорте Минск .
Первым делом –– самолеты!
Программа ТВ

Эвалюцыя гістарычнай прозы ў беларускай літаратуры

Эвалюцыя гістарычнай прозы ў беларускай літаратуры

Ад рамантычных твораў да альтернатыўнай гісторыі.

На розных этапах свайго існавання беларуская гістарычная проза выконвала розныя функцыі, дакладней, у спектры наяўных функцый па чарзе дамінавалі розныя. Чытачам, якія былі перакананыя ў сваім рабоча-сялянскім паходжанні, У. Караткевіч казаў пра тое, што ў нас была шляхта, ён у захапляльнай форме адкрываў невядомую альбо малавядомую інфармацыю. Менавіта ў гэтым заключаюцца падставы для “барадатага” досціпу пра тое, што Уладзімір Караткевіч пісаў пра такую гісторыю Беларусі, якой ніколі не было. Так натуральным чынам перапляталіся функцыя эўрыстычная (распаўсюджванне ведаў пра гісторыю), аксіялагічная (фарміраванне іерархіі каштоўнасцей, норм маралі і жыццёвых арыенціраў), ідэалагічная (фарміраванне і ўмацаванне станоўчага ці адмоўнага стаўлення да пэўных гістарычных працэсаў ці з’яў), а таксама забаўляльная.

Тэндэнцыя рамантызацыі гісторыі (паводле А. Дарагакупец [гл.: 5]) з усяго шэрагу функцый, на маю думку, наймацней звязаная з функцыяй эўрыстычнай, хоць датычыць усіх з іх. Дык чаму эўрыстычная? Беларуская гістарычная проза выхоўвае, выгадоўвае свайго чытача. І першая прыступка – рамантычная гістарычная проза (у канцы ХХ ст.-пач. ХХІ ст. тэндэнцыю рамантызацыі гісторыі складаюць творы В. Іпатавай, Л. Рублеўскай, Л. Дайнекі, В. Чаропкі, раннія творы У. Арлова, Л. Дайнекі, К. Тарасава, Г. Далідовіча, Я. Конева). Так было ў дыяхранічным аспекце (з гэтага ўсё пачыналася ў 1960-х-1970-х гг.), і гэта актуальна для індывідуальнага развіцця кожнага асобнага чытача (творы У. Караткевіча, В. Іпатавай, ранняга У. Арлова, В. Чаропкі і Л. Рублеўскай варта чытаць у маладыя гады і запозна ў сталасці).

Для старэйшага чытача ёсць інтэлектуальная гістарычная проза. У пэўны момант адбылося разгалінаванне на тэндэнцыю рамантызацыі гісторыі і тэндэнцыю інтэлектуалізацыі гісторыі [гл.: 5], і розніца паміж імі прынцыповая.  Караткевіч і яго паслядоўнікі “навярталі” чытачоў ў сваю “веру”, а паколькі збольшага ацэнкі творчасці Караткевіча адназначныя і аднагалосныя, то можна меркаваць, што чытача не трэба было пераконваць. А гэта магчыма толькі тады, калі чытач успрымае незнаёмую інфармацыю, наконт якой меркаванне ў яго яшчэ не склалася. Караткевіч гэтым няведаннем віртуозна скарыстаўся: ён не проста даў пэўную новую інфармацыю, ён даў яе ідэалагічна апрацаванай: напрыклад, ахвяраваць сабой дзеля Беларусі – гэта нармальна, інакш і быць не можа, нашы продкі былі высакароднымі, нават ідэальнымі.

Наступнікі Караткевіча змяншалі градус рамантычнасці, але па-ранейшаму дбалі пра інфармацыйнасць тэкстаў, папулярызавалі гісторыю. Калі У. Арлоў у 1986 годзе піша “Час чумы”, то “Песня пра зубра” М. Гусоўскага, перакладзеная на беларускую мову ў 1967 годзе, яшчэ не вывучалася ў школьнай праграме, а таму не была “агульным месцам”. Дазволю сабе непразаічны прыклад. Калі ў 1991 годзе С. Кавалёў піша п’есу “Звар'яцелы Альберт”, то ён пазначае, што гэта містыфікацыя паводле твораў Яна Баршчэўскага. Навошта гэтае ўдакладненне? Таму што калі не падпісаць, то чытачы не пазнаюць, “Шляхціц Завальня” выдадзены асобнай кнігай ўсяго толькі за год да п’есы (перакладчык твора М. Хаўстовіч працаваў у той час на адной кафедры з драматургам). Застаецца амаль дзесяць гадоў да ўключэння твора ў школьную праграму, калі кожны двоечнік будзе ведаць пра Плачку.

У інфармацыйнасці без колішняй рамантычнасці з цягам часу выявіліся свае мінусы: “Ён пераказвае падручнік”, - гавораць сучасныя студэнты на ранняга Арлова. Гэтая фраза, нягледзячы на фармальную няўхвалу, сведчыць у першую чаргу пра тое, што Арлоў “перамог”: пэўная важная гістарычная інфармацыя цяпер вывучаецца ў школе і не з’яўляецца новай для маладога чытача. Памятаю, як, распавядаючы першы раз замежным (кітайскім) студэнтам пра гісторыю ХІХ ст., пра паўстанне 1863-1864 гг., я пачула пытанне, да якога не была гатова: “Победили?” У беларускага чытача мяжы тысячагоддзяў такога пытання не ўзнікае.

Пісьменнікі, якія стваралі інтэлектуальную гістарычную прозу, працавалі з чытачамі Караткевіча, з “вернікамі” Караткевіча, якіх цяжка было б павесці ў іншы бок, але на іх можна было ўздзейнічаць лагічным інструментарыем (У. Арлоў, А. Федарэнка, А. Асіпенка, А. Астаўцоў, А. Гуцаў) альбо проста падмануць (стылістыка рамана “Літоўскі воўк” А. Наварыча вельмі нагадвае караткевічаўскую, але прынцыпова адрозніваецца па трактоўцы гістарычных падзей).

Рамантызм нязбыўны для беларускай культуры, відаць, да таго часу пакуль не завяршыцца пераходны стан беларускай культуры (альбо беларушчына знікне, альбо канчаткова ўсталюецца). Так выкрышталізаваліся рамантычныя гістарычныя дэтэктывы, якія прынцыпова адрозніваюцца ад дэтэктываў масавай літаратуры, бо матывам забойства рабілася не звыклая трыяда “страх-помста-грошы”, а пытанні ідэалагічныя, звязаныя з праблемамі фарміравання нацыянальнай самасвядомасці (“Забойства на Каляды” М. Адамчыка, “Імя грушы” С. Балахонава, “Тэолаг” У. Сцяпана і М. Клімковіча). У гэтых тэкстах дамінавала не забаўляльная функцыя, як гэтага можна было чакаць ад дэтэктываў, а хутчэй ідэалагічная.

У гістарычных прыгодніцкіх аповесцях У. Сцяпана, М. Клімковіча, У. Ахроменкі (“Цень анёла” М. Клімковіча і У. Сцяпана, “Янкі, альбо Астатні наезд на Літве” М. Клімковіча і У. Ахроменкі) гісторыя – гэта фон, на якім разгортваюцца падзеі, сюжэтныя лініі бездакорна знітаваны, але на першы план выходзіць забаўляльная функцыя. Аўтары прыгодніцкіх тэкстаў не ставяць на мэце запаўненне лакун у адукацыі сваіх чытачоў: напрыклад, відавочна, што беларускія чытачы абазнаныя ў падзеях Вялікай Айчыннай вайны, а паслярэвалюцыйныя падзеі ці падзеі ХVII ст. дастаткова ўспрымаць у межах найстаражытнейшай, відаць, апазіцыі “свой”-“чужы” і перажываць за “нашых” і супраць “ворагаў”. Аўтары нічога не разжоўваюць, не тлумачаць: разумнаму дастаткова [падрабязней: 4].

Але кожны са шляхоў, на якія выкіроўвала гістарычная проза, з цягам часу вычэрпваўся. У рамантычным ракурсе асветлены асноўныя гістарычныя падзеі, прапанаваны аўтарскія канцэпцыі гісторыі ў інтэлектуальнай гістарычнай прозе (а канцэпцый не можа быць шмат), непаважаны жанр дэтэктыву засвоілі і нацыянальна афарбавалі, для прыгодніцкіх жа раманаў гісторыя – элемент дастатковы, але неабавязовы.

Адбываецца пошук новых пісьменніцкіх стратэгій, які для некаторых аўтараў скончыўся адыходам ад гістарычнай прозы (так, У. Арлоў засяродзіўся на эсэістыцы ды верлібрах, для А. Федарэнкі гістарычная тэма не была даміноўнай у творчасці). Тыя ж аўтары, хто застаўся ў межах тэмы, выкіравалі да гістарычных містыфікацый і альтэрнатыўнай гісторыі.

Гістарычныя містыфікацыі ў беларускай літаратуры не з’яўляюцца літаратурнымі містыфікацыямі ў тэрміналагічным сэнсе: аўтар не хаваецца за чужыя імёны і біяграфіі, містыфікуюцца-фальсіфікуюцца выключна гістарычныя падзеі. Так, гомельскі аўтар Сяргей Балахонаў свядома працуе на пашырэнне корпусу гістарычных містыфікацый [гл. 3, раздзел “Містыфікаты”]. Адрозненне тэкстаў С. Балахонава і, напрыклад, гістарычных раманаў заключаецца ў тым, што многія падзеі з ягоных твораў прынцыпова немагчымыя: гэта не выдумка, гэта “хлусня”. Гэта тое, што педагогі ў сачыненнях адзначаюць як фактычную памылку. Так, аўтар фальсіфікаваў навуковыя даследаванні, датычныя існавання ў Беларусі аднарогаў (“Аднарогі Беларусі”) і кітоў (“Мой родны кіт”), папараць-кветкі (“Усё цьвіце і цьвіце тая кветка”), а таксама старабеларускага гумару (“Усмешкі далітоўскае пары”), лёсу асветніцы (“Веляслава Менская – пісьменьніца Старое Беларусі”).

Аўтар таксама падрабіў гісторыю існавання на тэрыторыі Беларусі эратычных календароў (“Пракляцьце Вешчага Баяна?”), даказаў, што Амерыку насамрэч адкрылі нашы далёкія продкі (“Наша Амэрыка”), што ківі здаўна знаходзіцца ў рацыёне беларусаў (“Язык да ківі дапытае”), што Скарына меў дачыненне да Гомеля (“Гомельскі сьлед Францішка Скарыны”), што сюжэт папулярнай кампутарнай гульні паходзіць з беларускай гісторыі (“Супэр-Марыё зь Вялікага Княства Літоўскага”), што спробы беларусаў асвоіць касмічную прастору сягаюць далёка ў мінуўшчыну (“Празь дзядоўнік да зор”).

Праграмным жа творам Балахонава з’яўляецца містыфікацыя “Зямля пад крыламі Фэнікса”, дзе кожная падзея з гісторыі Беларусі вытлумачаецца ўмяшальніцтвам бусла-птушкі-фенікса. Містыфікацыі Балахонава па форме выглядаюць як эсэ альбо нават навуковае даследаванне. Тэкст пішацца на поўным сур’ёзе, аўтар пры падтрымцы нібыта грунтоўных крыніц сцвярджае захапляльныя рэчы. Кожны раз містыфікацыя патрабуе ад аўтара збыткоўных намаганняў, дасведчанасці ў адпаведнай тэме, добрых здольнасцей стыліста. І ў выпадку з Балахонавым у наяўнасці такі ўзровень майстэрства і майстравітасці, які шараговы чытач проста не зможа ацаніць.

Ёсць фрагменты, дзе Балахонаў “паддаецца” чытачу: “У пачатку 1507 г. як адзін зь лепшых Скарына пасьпяхова ўдзельнічаў у спаборы на атрыманьне крапавага барэту, у якім ён адлюстраваны на знакамітай гравюры з уласнадрукаванай ім Бібліі (1517-1519 гг.). Калі пільна прыгледзецца, на барэце нават можна пабачыць кукарду. Ёсьць усе падставы меркаваць, што арыгінал  гравюры быў зроблены яшчэ задоўга да пачатку выдавецкай дзейнасьці Францішка, а акурат у часе вайсковае службы як складовая частка дэмбэльскага альбома” [2].

Ёсць фрагменты абсалютна герметычныя, так, Тарас Шчыры заўважыў, што вынаходніцтва Марцінам Бехаймам глобуса ў 1492-м годзе Балахонаў прыпісаў Адаму Гастгайму і 1490-му году (містыфікацыя “Наша Амэрыка”), а таксама: “У гэтай жа містыфікацыі апавядальнік сцвярджае, што мараканскія летапісцы бачылі ў сябе людзей з “краіны Белых Шапак”. Падпісаны гэты выпадак 1131 годам. Але мастацкія летапісы ў гэтай афрыканскай краіне з’явіліся толькі праз два стагоддзі” [6]. Абсалютна відавочна, што шараговы і нават прафесійны чытач беларускай літаратуры не будзе ведаць, калі ў Марока з’явіліся летапісы.

Некаторыя містыфікаваныя фрагменты дзівяць: так, Т. Шчыры звярнуў увагу на французскую газету »Le Grande Bleu«, якая нібыта друкавала матэрыялы пра Айчынную вайну 1812 г. (містыфікацыя »Мой родны кіт«) і раскапаў, што газеты такой няма, але такую назву мае яхта расійскага алігарха і чыноўніка Рамана Абрамовіча. Колькі чалавек з тых, хто цікавіцца беларускай літаратурай, здольны ацаніць такую гульню?

Гэты шлях у выніку прывёў да таго, што Балахонаў, не пазбавіўшыся герметычнасці, напісаў некалькі містыфікацый з разлікам на пэўную аўдыторыю, для чытачоў свайго блогу (самы яркі прыклад - “Пракляцьце Вешчага Баяна? альбо Дзесяць вякоў ідэі беларускага эратычна-літаратурнага календара” і “Веляслава Менская – пісьменьніца Старое Беларусі”). Першы тэкст мае дачыненне да праекта “Канец словаў”, календара з тэкстамі беларускіх пісьменнікаў і – што, уласна, і праславіла выданне – фотавыявамі напаўаголеных аўтараў тэкстаў (містыфікацыя пісалася яшчэ да выдання календара і стала яго прадмовай). Недасведчаны чытач тут не мае неабходнага для ўспрымання кантэксту. Другі тэкст “Веляслава Менская – пісьменьніца Старое Беларусі”, дзе згадваюцца адносіны Веляславы і грузінскага пісьменніка Шата Руставелі, для беларускіх блогераў меў відавочную адсылку серыі допісаў у блогу Марыйкі Мартысевіч, дзе аналізаваліся тыпы жанчын пэўных паводзінаў, якія спецыялізуюцца на літаратарах.

Такія містыфікацыі – непрыхаваная гульня, якую цудоўна прымаюць карыстальнікі блогаў на livejournal. Прыход пісьменнікаў у інтэрнэт апынуўся з’явай амбівалентнай: з аднаго боку, тэкст знаходзіцца ў адкрытым доступе, дасяжны любому карыстальніку інтэрнэта, а з другога боку, аўтар, пазнаёміўшыся са сваімі чытачамі, мае моцную спакусу пісаць для канкрэтных людзей. Тут мы назіраем дзве супрацьлеглыя тэндэнцыі: адкрытасць і герметычнасць адначасова. Пры гэтым адсутнічае іерархія: і праграмныя творы, і такія забаўкі ствараюцца на аднолькава высокім тэхнічным узроўні, са спасылкамі на сапраўдныя і фальсіфікаваныя летапісы, са стылізаванымі цытатамі і г.д.

Фармальна містыфікацыі паводле сваіх функцый у літаратурным працэсе пэўным чынам карэлююць з рамантычнай гістарычнай прозай:  фарміраванне павагі да сацыякультурнай памяці, стымуляванне актыўнага патрыятызму (хоць чытач разумее, што гэта фэйк, падробка), дэманстратыўнае сцвярджэнне беларускіх каштоўнасцей, узвышэнне мовы [параўн.: 1; 5], патрыятычны пафас, займальнасць, спроба аднавіць страчанае (маўляў, не захаваліся летапісы? Зараз напішам!).

Як у інтэлектуальнай гістарычнай прозе, у містыфікацыях пры трактоўцы гістарычнай падзеі дамінуе не агульнапрынятая тэорыя, а аўтарская (з папраўкай на фальсіфікацыю гісторыі) з адпаведнай перакадзіроўкай сэнсаў. Мэта гэтых фальсіфікацый – узбуйніць унёсак беларусаў у сусветную культуру і навуку, паказаць багацце айчыннай гісторыі і рэканструяваць яе, а часам аднавіць тое, што было страчана з аб’ектыўных прычын.

Але традыцыйная гістарычнай проза абапіраецца на самыя агульныя веды сваіх чытачоў: для атрымання эстэтычнай і інтэлектуальнай асалоды дастаткова мець уяўленне, што паўстанне ці вайна былі, ведаць, хто перамог. Містыфікацыі, прынамсі, тыя, што піша Балахонаў, разлічаны на вельмі прафесійнага чытача, які адначасова з гэтым дасведчаны і ў актуальнай масавай культуры. Паколькі гэтае аўтарскае ўяўленне пра мэтавую аўдыторыю не адпавядае наяўнай публіцы, мне бачыцца тут пэўны разрыў, перапыненне пераемнасці паміж этапамі выхавання чытача.

Гэты разрыў мусілі запоўніць, калі б іх было больш, творы альтэрнатыўнай гісторыі (містыфікацыі пісаліся ў пачатку 2000-х гг, “альтэрнатыўка” – бліжэй да канца 2010-х гг.). Як вядома, альтэрнатыўная гісторыя – жанр фантастыкі, якому ўласцівы сюжэты, што адбываюцца ў рэальнасці, якая магла б існаваць, калі б ход гісторыі ў пераломны момант пайшоў іншым шляхам. Менавіта ў гэтым новым свеце адбываюцца падзеі твораў альтэрнатыўнай гісторыі.

Для разумення твораў альтэрнатыўнай гісторыі дастаткова ведаць, як усё было насамрэч. Так, у аповесці “Пятля зацятасьці” (2008) С. Балахонаў дапускае думку пра тое, што БНР існуе да цяперашняга часу. Гэтае дапушчэнне мала паўплывала на ход падзей: героі жывуць у такім жа атачэнні тэхнічных прыстасаванняў, што і мы, хіба што іх выкшталцоная беларускай мова зусім не выклікае пытанняў: хто ведае, магчыма, у паралельнай рэчаіснасці беларусы сапраўды размаўляюць па-беларуску.';

Візіты ў мінулае і спробы яго змяніць выкарыстоўвае ў сваёй аповесці “Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію” (2007) Людміла Рублеўская: пяцёра людзей з сучаснасці атрымліваюць магчымасць трапіць у 30-я гг. ХХ ст., адкуль яны спрабуюць уратаваць чалавека, які апынуўся у механізме рэпрэсій. Рублеўская паслядоўна працягвае караткевічаўскія традыцыі, і таму цікава назіраць, дзе яна спрабуе шукаць выйсце для гістарычнай прозы.

Такім чынам, наяўная гістарычная проза выконвае шэраг функцый і разлічана на розныя ўзроўні чытачоў: для рамантычнай і інтэлектуальнай гістарычнай прозы (1960-я – 2000-я гг.) па-за канкурэнцыяй застаюцца эўрыстычная, аксіялагічная і ідэалагічная функцыі, аўтары разлічваюць на тое, што яны адукоўваюць і выхоўваюць свайго чытача, пераважная большасць тэкстаў разлічана на маладога і/ці недасведчанага чытача, ад якога не патрабуецца прафесійная абазнанасць у мінулым Беларусі. У гістарычных містыфікацыях (2000-я гг.) робіцца спроба стварэння тэкстаў, якія выконваюць пераважна забаўляльную функцыю, але навуковы (псеўданавуковы) узровень гэтых тэкстаў і іх герметычнасць робяць амаль немагчымым дасягненне асалоды, адэкватнай аўтарскім чаканням. Рэдкія выпадкі альтэрнатыўнай гісторыі ў беларускай літаратуры (канец 2000-х гг.) абапіраюцца на самыя падставовыя гістарычныя веды чытачоў і выконваюць пераважна ідэалагічную функцыю. Усе творы гістарычнай прозы з’яўляюцца важнымі ў момант іх стварэння, у большасці выпадкаў яны маюць актуальны гістарычны кантэкст, па-за якім могуць страчваць некаторыя вартасці.

Якая будучыня чакае гістарычную прозу? Навідавоку экстэнсіўны шлях: праз некалькі дзесяцігоддзяў тэксты маладых аўтараў, напрыклад, пра вайну будуць лічыцца гістарычнай прозай (аўтары не заспелі гэтых падзей і ўжо не заспеюць іх сведкаў), можна меркаваць, што выконвацца будзе найперш ідэалагічная функцыя. Калі дапусціць думку, што гістарычная проза карэлюе з працэсамі, якія адбываюцца ў гістарычнай навуцы, то можна прадказаць зварот да гісторыі паўсядзённасці. У гэтым будзе пэўная небяспека, бо ў гэтых тэкстаў будуць абмежаваныя магчымасці для намінавання іх на нацыянальную класіку. З кожным годам гістарычная проза будзе патрабаваць (як ужо даўно патрабуе) усё большай дасведчанасці ў гісторыі, працы з архівамі, умення супастаўляць факты і рабіць высновы, умення адчуваць кан’юнктуру, што па-ранейшаму будзе прыводзіць у літаратуру прафесійных гісторыкаў, якія, магчыма, будуць аддаваць перавагу літаратуры non-fiction.

Использованные источники

1.Банцэвіч П.К. Творчасць Уладзіміра Караткевіча ў кантэксце культуралогіі / П.К. Банцэвіч. – Гродна ГДАУ, 2007. – 310 с.

2. Балахонаў, С. Гомельскі сьлед Францішка Скарыны / С. Балахонаў [Электронны рэсурс] – Рэжым доступу: http://balachonau.puls.by/skaryna.html. - Дата доступу: 13.09.2010.

3. Балахонаў, С. Проза: апавяданні, сагі, эсэ, артыкулы / С. Балахонаў [Электронны рэсурс] – Рэжым доступу: http://balachonau.puls.by/proza.html. - Дата доступу: 13.09.2010.

4. Бязлепкіна, А. Авантурызацыя гісторыі / А. Бязлепкіна. – Полымя. – 2009. – № 5. - С. 155-157.<<

5. Дарагакупец, А. Тэндэнцыі рамантызацыі і інтэлектуалізацыі ў  сучаснай беларускай гістарычнай прозе : аўтарэф. дыс.  … канд.філал. навук : 10.01.01. / А.М. Дарагакупец ; БДУ. – Мінск, 2005. – 19 с.

6. Шчыры, Т. Містыфікацыі Сяргея Балахонава / Т. Шчыры // Беларуская журналістыка-2010. – Мінск: БДУ, 2010.

3D ЭКСКУРСИИ
КЛИПЫ
СОЦИАЛЬНАЯ РЕКЛАМА
Видеопрезентация
МНЕНИЕ
ВОПРОС-ОТВЕТ