СТИХИ ИЗ ПЕСКА
Погода
1.8°C
Ветер 3 м/с, С-З
Брест
0.1°C
Снег
Витебск




ИСТОРИЯ В КАРТИНАХ
РУССКИЙ ЯЗЫК НОВОГО ПОКОЛЕНИЯ
Программа ТВ

Гісторыя Крыжа-Узвіжанскага сабора

Гісторыя Крыжа-Узвіжанскага сабора

23 мая 1893 г. полацкі і віцебскі епіскап Антанін (Дзяржавін) (1889 – 1893 гады) здзейсніў закладку самага вялікага храма жаночай абіцелі. У цэнтры манастырскага комплекса, з левага (паўночнага) боку Спаса-Праабражэнскай царквы паводле праекта архітэктара У. Коршыкава быў узведзены велічны Крыжа-Узвіжанскі сабор.

Гісторыя пабудовы

Гэта быў трэці храм, які увайшоў у архітэктурна-планіровачную структуру Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра. З-за недахопу першапачаткова вылучаных сродкаў (30 тыс. руб., а спатрэбілася ў два разы больш) епархіяльнае кіраўніцтва дазволіла збор добраахвотных ахвяраванняў.

Пры кожнай манастырскай царкве (Спаса-Праабражэнская і Свята-Еўфрасіннеўская цэрквы) быў ўладкаваны так званы «братэрскі куфар», куды прыхаджане клалі грашовыя ахвяраванні. Ахвяраванні на ўзвядзенне сабора паступалі і ад уплывовых асоб у выглядзе грашовых субсідый, часткова – прадметаў прыватнай уласнасці. Дзяржава таксама з’яўлялася крыніцай матэрыяльнага дастатку жаночай абіцелі: прылічаны ў 1842 годзе да першага класа Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр штогод атрымліваў 3370 рублёў. Ігумення Яўгенія арганізавала інакінь на збор сродкаў па ўсёй Расійскай імперыі.

Такім чынам, агульнымі намаганнямі дзяржавы і царквы праект праваслаўнага храма быў паспяхова рэалізаваны ў камені: асвячэнне галоўнага прастола сабора ў гонар свята Узвіжання Крыжа адбылося 23 мая 1897 г. Сабор меў два прыдзелы: паўночны (левы) і паўднёвы (правы). Паўночны прыдзел быў асвячоны 7 мая 1897 года ў гонар свяціцеля Мікалая Цудатворцы. Паўднёвы прыдзел быў асвячоны на дзень пазней, 8 мая 1897 года, у гонар Смаленскай іконы Багародзіцы.

Архітэктурна-мастацкая аснова храма

У архітэктурна-мастацкай аснове храма прасочваецца пэўнае падабенства з візантыйскай школай дойлідства ХІІІ – ХІV стагоддзяў, якое рэалізуецца, у прыватнасці, у характэрным выяўленні цэнтральнай паўкруглай закамары на фасадах, у выкарыстанні вузкіх высокіх арачных праёмаў, строеных па цэнтры і здвоеных па баках, узвядзенні своеасаблівых “візантыйскіх” калон і круглых медальёнаў, у дэкаратыўнай аздобе фасадаў і непасрэдна храмавага інтэр’ера. У абмалёўцы і афармленні згрупаваных арачных акон, паўкруглых фасадных закамар, шаломападобных купалоў, дэкаратыўных калонак прасочваюцца ўсе знаёмыя формы цэркваў Полацка.

Неабходна асабліва спыніцца на цікавым архітэктурна-канструкцыйным вырашэнні апсіды. Паўсферычная па форме, яна вырашана ў два ярусы, верхні з якіх завершаны конхавым купалам. Па баках апсіды змяшчаюцца дзве нізкія рызніцы, якія звонку ўяўляюць сабой адзінае цэлае. Архітэктура інтэр’ера сабора больш спрошчаная. Яго эстэтыка вырашана выключна архітэктанічнымі сродкамі – унутраная прастора развіта ў сферычнае падкупалле, светлавы барабан якога падтрымліваецца праз ветразі чатырма магутнымі крыжовымі ў сячэнні пілонамі. Гэта архітэктурна-мастацкае вырашэнне надае храму прасторны выгляд і выдатна асвятляе будынак праз купал і вокны. На магутнай арцы прытвора трымаецца галерэя хораў. Такімі ж аркамі адкрываюцца ў прастору сяродкрыжжа бакавыя прыдзелы і апсіда, якая асвятляецца круглым акном-люкарнай і вылучаецца пазалочаным іканастасам – кампазіцыйнай і сэнсавай дамінантай збудавання. Афармленню іканастаса была нададзена асаблівая ўвага, а таксама значныя тэрміны на яго выкананне. Велічны і трох’ярусны разьбяны іканастас з’явіўся яркім прыкладам спалучэння высокага майстэрства архітэктара, разьбяра па дрэве і непасрэдна саміх іканапісцаў. Падлога храма выкладзена мазаікай з мармуровых і цэментавых пліт.

Выдатны помнік манументальнай архітэктуры руска-візантыйскага стылю з маляўнічым пяцікупаллем і пазалочанымі крыжамі быў разлічаны на 1,5 тысячы чалавек. Архітэктар выканаў сваю задачу з вялікай годнасцю: белакаменны, амаль цэнтрычны крыжова-купальны храм сфарміраваў выразны сілуэт абіцелі, добра бачны з вялікай адлегласці. Манументальнасць і маштабнасць будынка ўзмоцнена яго спецыфічным размяшчэннем на пакатым пагорку і пад’ёмам на высокі цокаль. Акрамя таго, сабор відавочна ніколькі не прыглушаў сваёй масай узнёслы сілуэт Спаса-Праабражэнскай царквы. Крыжа-Узвіжанскі сабор займае асаблівае месца сярод нешматлікіх храмаў візантыйскай арыентацыі, пабудаваных на Беларусі ў другой палове ХІХ стагоддзя. У яго будаўніцтве прынялі ўдзел лепшыя майстры Смаленска, Вільнюса і Масквы. Без перабольшвання, гэта самы манументальны храм неавізантыйскага стылю ў Беларусі, добрых прапорцый, строга функцыянальнай архітэктуры, без лішняй дэкаратыўнасці, умела упісаны майстром у прастору манастырскага комплекса.

Перанос мошчаў Еўфрасінні Полацкай

У 1910 годзе адбылася адметная падзея ў гісторыі Беларусі і непасрэднага цэнтра ўшанавання памяці Еўфрасінні Полацкай – Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра.

Інтэр'ер Крыжа-Узвіжанскага сабора. Фота 1910 года

22 мая (4 чэрвеня па н. ст.), напярэдадні дня памяці прападобнай Еўфрасінні, мошчы святой былі ўрачыста перанесены з Кіева-Пячэрскай Лаўры ў Полацк. Перад тым як уладкаваць мошчы перад іканастасам Спаса-Праабражэнскай царквы, іх унеслі ў Крыжа-Узвіжанскі сабор, дзе адбылося ўсяночнае набажэнства. На наступны дзень, пасля заканчэння літургіі, мошчы святой перанеслі з сабора ў Спаса-Праабражэнскую царкву.

Крыжа-Узвіжанскі сабор. Фота пачатку XX стагоддзя

З 1913 года ў манастыры быў уведзены звычай пераносу мошчаў Еўфрасінні Полацкай з царквы Спаса ў Крыжа-Узвіжанскі сабор. Мошчы прападобнай знаходзіліся ў саборы да восені, а затым, у першую нядзелю пасля свята Пакрова Багародзіцы, іх вярталі ў Спаса-Праабражэнскую царкву.

Крыжа-Узвіжанскі сабор. Фота пачатку XX стагоддзя

Праз 5 год пасля ўладкавання мошчаў полацкай ігуменні на долю Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра выпалі цяжкія выпрабаванні, якія, безумоўна, датычыліся і Крыжа-Узвіжанскага сабора. Так, у 1915 годзе, падчас першай сусветнай вайны, манастыр вымушаны спешна эвакуіравацца ў Растоў Вялікі, дзе размясціўся ў памяшканнях мужчынскага Аўрааміева манастыра прыкладна да 1920 года. Манастырскія будынкі засталіся без належнага нагляду, што стала прычынай паступавага заняпаду.У 1920-я гады Крыжа-Узвіжанскі сабор быў пашкоджаны снарадамі і пуставаў, паколькі абразы былі канфіскаваныя яшчэ падчас растоўскай эвакуацыі 1915 года. У вопісу маёмасці жаночага манастыра за 1922 год пазначана, што сабору патрабуецца капітальны рамонт, бо дах, сцены і вокны былі пашкоджаны звонку.

Пасля закрыцця манастыра ў 1925 годзе Крыжа-Узвіжанскі сабор быў замацаваны за ваенным ведамствам. На адведзенай тэрыторыі раскінуўся ваенны гарадок, дзе быў размешчаны 15-ы полк 15-й Віцебскай стралковай дывізіі і асобны кавалерыйскі эскадрон. Ваеннае ведамства атрымала выключнае права рабіць па свайму погляду капітальны рамонт і ўнутраную перабудову архітэктурных помнікаў манастырскага ансамбля ці іх складаючых частак, што адмоўна адбілася на знешнім выглядзе сабора.

Падчас і пасля вайны

Аднаўленне дзейнасці манастыра прыйшлося на пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Каб прыцягнуць на свой бок мірнае насельніцтва, нямецкія акупацыйныя ўлады далі дазвол на адкрыццё цэркваў, манастыроў і іншых культурных устаноў. У яго вярнуліся манахіні, якія да 1925 г. жылі ў манастыры (у перыяд нямецкай акупацыі прышла 41, пасля заканчэння вайны – 9 насельніц), і занялі двухпавярховы корпус за Крыжа-Узвіжанскім саборам.

У перыяд нямецка-фашысцкай акупацыі частка тэрыторыі манастыра, якая знаходзілася ў левым баку ад сабора Узвіжання, уключаючы і сам сабор, была абнесена калючым дротам, за якім размяшчаўся лагер савецкіх ваеннапалонных. У саборы былі размешчаны раненыя, якім дапамагалі насельніцы манастыра. У ваенны перыяд у храм трапіла авіябомба, якая разбурыла адзін звод і ўтварыла расколіны ў сценах усяго будынка.

Пасля вайны Крыжа-Узвіжанскі сабор доўгі час знаходзіўся ў запусценні. Храм стаяў без даху і вокнаў, у выніку чаго пад дзеяннем атмасферных ападкаў сцены і цаглянае перакрыцце былі значна разбураны. У галоўны купал храма патрапіла два ўдары маланкі. Трэці ўдар, нанесены маланкай ў бакавы купал у 1967 годзе, стаў прычынай узгарання сабора.

У 1956 годзе ігумення хадайнічала перад мясцовымі ўладамі аб дазволе распачаць рамонт Крыжа-Узвіжанскага сабора з наступнай перадачай апошняга манастыру. На сваё хадайніцтва ігумення атрымала кароткую і безапеляцыйную адмову: “монахиням вполне достаточно для молений имеющейся у них церкви”. Гэта ў той час, калі Спаса-Праабражэнскі храм быў адзіны, які не спыняў сваёй дзейнасці ў Полацку і Полацкім раёне. Неабходныя рэстаўрацыйныя работы па аднаўленню помніка не былі запланаваны мясцовымі ўладамі па шэрагу прычын: архітэктурна-мастацкае вырашэнне сабора, на іх думку, не ўяўляла асаблівай гістарычнай каштоўнасці, уключэнне сабора ў спіс манастырскай маёмасці магло садзейнічаць умацаванню яго пазіцый.

Аднаўленне дзейнасці

Пасля чарговага закрыцця манастыра ў 1961 годзе сабор Узвіжання быў прыстасаваны пад амбар для захоўвання зерня і сельска-гаспадарчага інвентара. Улічваючы неабходнасць правядзення больш актыўнай навукова-атэістычнай прапаганды і ўмяшчальны аб’ём храмавага будынка, у 1980-я гады гарадскія ўлады вырашылі адкрыць там планетарый. З запланаванага на купале сабора быў уладкаваны знак нябеснай сферы, астатнія намаганні засталіся на паперы.

Крыжа-Узвіжанскі сабор і Спаскі храм. Фота 1980 года

Крыжа-Узвіжанскі сабор. Фота 1980 года

Алтарная частка Крыжа-Узвіжанскага сабора. 1980 год

Фота 1986 года


Па блаславенню Свяцейшага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы 6 ліпеня 1989 года на тэрыторыі Спаса-Еўфрасіннеўскага манастырскага комплекса былі распачаты рамонтна-рэстаўрацыйныя работы. Рэстаўрацыя Крыжа-Узвіжанскага сабора была здзейснена да пачатку 1990 года, за кароткі тэрмін – 9 месяцаў. У 1993 годзе Крыжа-Узвіжанскі сабор быў пераасвячоны епіскапам Полацкім і Глыбоцкім Глебам (Савіных).

З 1994 года, напярэдадні дня памяці прападобнай Еўфрасінні, мошчы пераносілі з храма Спаса ў Крыжа-Узвіжанскі сабор. Непасрэдна ў дзень свята, 5 чэрвеня, пасля набажэнства хросным ходам іх вярталі назад. Такая цэрымонія праводзілася з 1994 да 2006 года. З 27 снежня 2006 года ў сувязі з распачатымі рэстаўрацыйнымі работамі ў Спаса-Праабражэнскай царкве Крыжа-Узвіжанскі сабор стаў месцам сталага знаходжання мошчаў Еўфрасінні Полацкай.

Фота 2008 года

Інтэр'ер Крыжа-Узвіжанскага сабора. Фота 2010 года

Паўднёвая прыбудоўка Крыжа-Узвіжанскага сабора. Фота 2010 года

Паўночная прыбудоўка Крыжа-Узвіжанскага сабора. Фота 2010 года

Фрэска ў алтары Крыжа-Узвіжанскага сабора. Фота 2010 года

3D ЭКСКУРСИИ
КЛИПЫ
СОЦИАЛЬНАЯ РЕКЛАМА
Видеопрезентация
МНЕНИЕ
ВОПРОС-ОТВЕТ