СТИХИ ИЗ ПЕСКА
Погода
19.1°C
Без особых явлений
Брест
16.3°C
Без особых явлений
Витебск
16.6°C
Ливневый дождь
Гомель
17.5°C
Без особых явлений
Гродно
17.5°C
Без особых явлений
Минск
16.7°C
Без особых явлений
Могилёв
ИСТОРИЯ В КАРТИНАХ
РУССКИЙ ЯЗЫК НОВОГО ПОКОЛЕНИЯ
Сейчас смотрят
У час палеаліту (100-10 тысяч гадоў да нашай эры) клімат змяняўся. Пачалося глабальнае пахаладанне. Чалавек быў вымушаны прызвычайвацца да новых кліматычных умоў.
Першапачатковае засяленне Беларусі
Сварог – одно из главнейших божеств славянского пантеона. На древнеиндийском языке «сварог» значит «небесный», «ходящий по небу», а «свар (сварга)» - небо.
Небесный кузнец Сварог
Некоторые из деяний могут ошибочно считаться недопустимыми во время поста.
О том, что не нарушает пост в Рамадан
А вы знаете, что шоколад поднимает настроение? А если хочется не просто позитивного, а еще и чего-то изысканного, тогда прикупите абрикосов и испеките шоколадный пирог (конечно же, по нашему рецепту).
Шоколадный пирог «Весна» с конфитюром
Клубничные булочки из свежей клубники — вкусный и простой летний десерт. Готовим его вместе с Алесей Пуховой.
Готовим клубничные булочки
Кожаные вещи – must have сезона осень-зима 2013/14: топы, платья, брюки, юбки, пальто. Однако несомненным лидером остается – кожаная куртка.
Моя вторая кожа
Программа ТВ

Якуб Колас

Якуб Колас

Якуб Колас — класік сусветнай і беларускай літаратуры, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і сучаснай літаратурнай мовы, народны паэт Беларусі. Выступаў як паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, педагог.

Якуб Колас (Канстанцін  Міцкевіч) (1882–1956) — пісьменнік, паэт, драматург, публіцыст.

Ён нарадзіўся 3 лістапада 1882 года  (па новым стылі) у засценку Акінчыцы Мінскага павета Мінскай губерні (цяпер у межах горада Стоўбцы Мінскай вобласці), ахрышчаны ў праваслаўнай царкве. Бацькі — Міхал Казіміравіч і Ганна Юр'еўна (з роду Лёсікаў) паходзілі з сялян вёскі Мікалаеўшчына (12 км ад Стоўбцаў). З дзяцей, якія нарадзіліся ў іх сям'і, а их было 13,  да сталых гадоў дажылі 9.

Акінчыцы, месца нараджэння Якуба Коласа

Бацька служыў лесніком у князя Радзівіла, маці вяла хатнюю гаспадарку. У хуткім часе пасля нараджэння Костуся (так хлопчыка звалі дома) сям'я пераехала ва ўрочышча Ласток (іншая назва — Сухошчына). У 1890–1904 гадах  сям'я Міцкевічаў жыла ў леснічоўцы Альбуць недалёка ад Мікалаеўшчыны.

Жыццё ў Альбуці, маляўнічыя навакольныя краявіды, цікавыя апавяданні розных падарожных, якія, як успамінаў пазней пісьменнік, раскрывалі яму новы свет разуменняў і ўяўленняў, пакінулі значны след у душы юнага Костуся. Слухаў ён і беларускія песні, якія спявала маці. Вялікі аўтарытэт меў у падлетка дзядзька па бацьку — Антось, які першы абудзіў цікавасць да літаратуры. Костусь сам навучыўся рускай грамаце. Дзве зімы ён разам са старэйшымі братамі вучыўся дома, у так званага «дарэктара» (хлапчука, які скончыў народную школу), потым скончыў народнае вучылішча ў Мікалаеўшчыне (1892–1894 ).

У 1895–1897 гадах Канстанцін Міцкевіч жыў у Альбуці, дапамагаў бацькам па гаспадарцы і адначасова рыхтаваўся да паступлення ў настаўніцкую семінарыю, шмат чытаў. Прыкладна ў 10-гадовым узросце пад уплывам твораў Крылова Костусь склаў байку «Варона і Лісіца». У 12 гадоў напісаў свой першы верш «Вясна», за што быў заахвочаны бацькам. У той жа час юны Міцкевіч упершыню пазнаёміўся з беларускай літаратурнай творчасцю (верш Янкі Лучыны «Стары ляснік»), і гэта яго вельмі уражыла.

У 1898 годзе паступіў на казённы кошт у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, якую скончыў у 1902. У час вучобы захапляўся мастацкай літаратурай: чытаў творы А. Пушкіна, М. Лермантава, М. Гогаля, А. Кальцова, М. Някрасава, Л. Талстога, І. Хемніцара, Т. Шаўчэнкі, І. Франко, А. Міцкевіча. Складаў вершы і байкі на рускай мове, збіраў матэрыялы па беларускай этнаграфіі, запісваў вусную народную творчасць. У гэты ж час пачаў ствараць вершы і празаічныя творы на беларускай мове. Складаў вершы аб прыродзе, пра нялёгкі лёс селяніна, напісаў паэмы «Каля кастра» і «Страх», тэксты якіх не захаваліся, а таксама першы празаічны твор-нататку «Наша сяло, людзі і што робіцца ў сяле».

Якуб Колас — семінарыст

Вельмі паўплываў на будучага паэта выкладчык семінарыі Ф. Кудрынскі. Ён ухваліў літаратурныя практыкаванні маладога Міцкевіча і звярнуў увагу на большую вартасць напісанага ім па-беларуску. Гэта ў поўнай меры адпавядала памкненням самога аўтара. Ён адзначаў пазней: «Руская мова не можа выклікаць у такім поўным аб'ёме, калі я пішу, тых адчуванняў, тых пачуццяў і тае каларытнасці, якія ўласцівы беларускай мове, беларускім малюнкам, у якім дае беларуская мова, што з малаком маці ўвайшла ў маю натуру«.

На пачатку XX стагоддзя распачынаецца працоўная дзейнасць і першыя праявы грамадскай актыўнасці  Міцкевіча, жанравы дыяпазон яго літаратурных твораў пашыраецца, яны робяцца больш дасканалымі. Тады ж з'яўляюцца і першыя публікацыі.

Пасля заканчэння семінарыі ў 1902–1905 гадах  малады настаўнік працаваў на Палессі ў вёсках Люсіна (цяпер Ганцавіцкі раён) і Пінкавічы (цяпер Пінскі раён). Рабіў этнаграфічныя запісы, збіраў беларускі фальклор. У гэты ж час ён пазнаёміўся з нелегальнай рэвалюцыйнай літаратурай, праводзіў растлумачальныя гутаркі з сялянамі.

Якуб Колас пазней пісаў: «У 1905 годзе я хоць і не мог яшчэ добра арыентавацца ў партыях, але быў ужо заўзятым ворагам самадзяржаўя і ў гэтым кірунку вёў работу». Так, у лістападзе 1905  ён склаў петыцыю жыхароў Пінкавіч да памешчыка з патрабаваннем забяспечыць права сялян на карыстанне азёрамі і ўчасткам зямлі для пашы. Мінскі губернатар прадпісаў паліцыі праверыць звесткі аб «узбуджэнні настаўнікам с. Пінкавічы Міцкевічам сялян...».

У студзені 1906 года у парадку пакарання за грамадскую дзейнасць К. Міцкевіча перавялі ў Верхменскае народнае вучылішча (цяпер Смалявіцкі раён). 9–10 ліпеня 1906  ён прыняў актыўны ўдзел у нелегальным настаўніцкім з'ездзе, які адбыўся ў вёсцы Мікалаеўшчына. На гэтым сходзе было пастаўлена пытанне аб неабходнасці рэарганізацыі народнай асветы на аснове дэмакратыі і дэцэнтралізацыі. З'езд разагнала паліцыя, К. Міцкевіч у ліку іншых быў пазбаўлены права працаваць настаўнікам.

1 верасня 1906 года у віленскай беларускамоўнай газеце «Наша доля» з'явіўся верш »Наш родны край«, у якім аўтар называў родную зямлю »беднай старонкай«, »забытым Богам краем«. Гэта першы надрукаваны твор паэта. Тут упершыню быў выкарыстаны псеўданім Якуб Колас (надалей ужываліся таксама псеўданімы Тарас Гушча, Карусь Лапаць, К. Адзінокі, К. Альбуцкі, Андрэй »сацыяліст«, Тамаш Булава, Ганна Груд, Мікалаевец, Лесавік і іншыя). 15 верасня 1906 года ў »Нашай долі« пад псеўданімам Дзядзька Карусь змешчана апавяданне »Слабода« пра самавольства царскай паліцыі  першы надрукаваны празаічны твор пісьменніка. У той жа час ён пачынае актыўна супрацоўнічаць у якасці аўтара з віленскай беларускамоўнай газетай »Наша ніва«. У творчасці Якуба Коласа гэтага перыяду з'яўляюцца новыя формы. Ён выходзіць на больш высокі ўзровень літаратурнай працы — пачынае пісаць алегарычныя апавяданні «Казкі жыцця», дзе па-філасофску асэнсоўвае рэчаіснасць.

Зіму 1906–1907 гг. Колас жыў у родных у леснічоўцы Смалярня, дзе без афіцыйнага дазволу адкрыў прыватную школу. Пачаў складаць навучальны дапаможнік «Другое чытанне для дзяцей беларусаў». У 1907  прыехаў у Вільню, некалькі тыдняў працаваў загадчыкам літаратурнага аддзела ў «Нашай ніве», але паводле загаду паліцыі быў вымушаны пакінуць горад.

У пачатку 1908 года некаторы час выкладаў у прыватнай школе ў вёсцы Сані (цяпер Талачынскі раён). 15 верасня 1908 года Якуб Колас засуджаны на 3 гады турэмнага зняволення паводле абвінавачання ў актыўных дзеяннях, накіраваных на выкананне праграмы Усерасійскага саюза настаўнікаў, які, як было заяўлена на судзе, меў на мэце ліквідацыю існуючага ў Расійскай імперыі грамадскага ладу (у тым ліку ў складанні адозвы да настаўнікаў, хоць пісаў яе іншы чалавек, якога Колас суду не назваў). Увесь тэрмін пакарання Якуб Колас адбыў у Мінскім астрозе.

За турэмнымі кратамі ўдавалася пісаць вершы і перапраўляць на волю. У многіх творах Коласа выразна гучаць матывы вызвалення ад сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту

(Я — мужык, а гонар маю,

Гнуся, але да пары.

Я маўчу, маўчу, трываю,

Але скора загукаю:

«Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!», верш «Мужык», 1909 г.).

У 1910-я гады ён у сваёй творчасці звяртаецца да буйных літаратурных форм з філасофскім асэнсаваннем рэчаіснасці — пачынае працу над ліра-эпічнымі паэмамі «Новая зямля» і «Сымон-музыка».

Напісаныя ў гэты перыяд вершы і апавяданні друкаваліся ў газеце «Наша ніва». У 1909 у Санкт-Пецярбургу ў выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца» выйшла першая яго кніга «Другое чытанне для дзяцей беларусаў», змест якой складалі вершаваныя і празаічныя творы пра з'явы прыроды, байкі і казкі пра жывёл, вершы і апавяданні на маральна-этычныя тэмы, а таксама прысвечаныя нялёгкай долі селяніна. У 1910  у Вільні надрукаваны першы зборнік вершаў »Песні жальбы« (напісаны ў 1906-1909), дзе паэтызуецца вобраз беларуса-мужыка, які нягледзячы на цяжкія сацыяльныя ўмовы, верыць у адраджэнне роднага краю, апавядае пра свой бяспраўны лёс, але пры гэтым мае пачуццё ўласнай годнасці, выказвае імкненне да лепшай долі. Высокую адзнаку гэтым раннім творам Якуба Коласа даў вядомы рускі пісьменнік Максім Горкі.

Пасля выхаду з турмы з верасня 1911 года па 1914 год Якуб Колас займаўся настаўніцкай працай: некалькі месяцаў без афіцыйнага дазволу навучаў дзяцей чыгуначнікаў у мястэчку Лунінец,  у 1912-1914 гг. пасля атрымання пасведчання аб дабранадзейнасці працаваў настаўнікам спачатку ў вёсцы Купяцічы недалёка ад Пінска, потым у Пінскім 3-ім прыходскім вучылішчы. Гэты час вельмі адметны для асабістага жыцця Якуба Коласа. У жніўні 1912 на хутары Смольня, каля вёскі Мікалаеўшчына, адбылася яго першая сустрэча з Янкам Купалам, якая паклала пачатак іх сяброўству. У чэрвені 1913  Канстанцін Міцкевіч узяў шлюб з настаўніцай пінскай чыгуначнай школы Марыяй Дзмітрыеўнай Каменскай, з якой яны пражылі разам больш за 30 гадоў, мелі трох сыноў.

Марыя Каменская, жонка Якуба Коласа

У той час у газеце »Наша ніва« рэгулярна друкаваліся вершы Якуба Коласа, прысвечаныя пераважна розным аспектам жыцця беларускай вёскі. У 1912 годзе у Вільні выходзіць яго зборнік »Апавяданні«, у 1913  у Санкт-Пецярбургу асобнымі выданнямі апавяданні »Нёманаў дар«, »Тоўстае палена«, зборнік вершаваных апавяданняў »Прапаў чалавек«.

Галоўная тэма гэтых твораў — жыццё беларускага сялянства, адпаведна галоўны герой — жыхар вёскі з яго клопатамі, звычаямі, норавамі, у іх аўтар ад апісання сялянскага побыту пераходзіў да стварэння разнастайных і глыбокіх вобразаў сялян. У Вільні ў 1914 года Беларускім Выдавецкім Таварыствам выдадзены зборнік апавяданняў шырокага тэматычнага дыяпазону »Родныя з'явы«. Празаічныя творы Якуба Коласа таго перыяду па сваёй тэматыцы, ідэйнай накіраванасці, вобразнай структуры збліжаліся з яго паэзіяй. У 1916  у Петраградзе ў выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца» надрукаваны і драматургічны твор пісьменніка — невялікая п'еса »Чарка ўсё на свеце робіць«, якая мела падзагаловак »Трагедыя з нядаўніх год (з вясковага жыцця)«.

Падчас Першай сусветнай вайны ў 1915 годзе ў сувязі з набліжэннем фронту Якуб Колас разам з сям'ёй эвакуіраваўся ў Маскоўскую губерню, дзе быў мабілізаваны на вайсковую службу. Пасля заканчэння Аляксандраўскага ваеннага вучылішча (Масква, 1916 ) служыў у запасным палку ў г. Пермі. Летам 1917 года ў званні падпаручніка накіраваны на Румынскі фронт, але ў хуткім часе ў сувязі з хваробай атрымаў адпачынак і паехаў да сям'і ў горад Абаянь (цяпер Курская вобласць Расіі). Як настаўнік быў вызвалены ад вайсковай службы і працаваў выкладчыкам, школьным інструктарам у г. Абаяні і яго наваколлі.

У вершах гэтага перыяду гучаць антываенныя матывы, трывога паэта за лёс Беларусі ў новых гістарычных акалічнасцях, якія склаліся ў выніку вайны і Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года, і адначасова заклік да стваральнай працы на карысць роднага краю (зборнік вершаў »Водгулле«, выдадзены ў Мінску ў 1922 г.).Таксама Якуб Колас працягваў працу над тэкстамі паэм »Новая зямля« і »Сымон-музыка«, спрабаваў свае сілы і ў галіне драматургіі. Адзін з твораў гэтага жанру — п'еса «Антось Лата» (упершыню пастаўлена ў 1918  годзе у Мінску), дзе аўтар паказаў трагічны лёс селяніна, які меў калісьці сваю гаспадарку, але, страціўшы зямлю і ўсякія сродкі існавання, ператварыўся ў чалавека «дна». Пераломны гістарычны перыяд — ад Лютаўскай рэвалюцыі да Кастрычніцкай 1917 года, роздум Якуба Коласа над далейшым лёсам Беларусі адлюстраваны ў п'есе »На дарозе жыцця« (пастаўлена ў Мінску ў 1921 годзе).

Першая палова 1920-х — вельмі плённы час у жыцці Якуба Коласа, яго службовай і літаратурнай дзейнасці. У 1921 годзе па выкліку ўрада Савецкай Беларусі Якуб Колас вярнуўся ў Мінск. Быў супрацоўнікам Навукова-тэрміналагічнай камісіі Народнага камісарыята асветы,  літаратурнай камісіі па збіранні вуснай народнай творчасці Інстытута беларускай культуры, выкладаў у Беларускім педагагічным тэхнікуме, чытаў лекцыі па граматыцы і методыцы выкладання беларускай мовы на настаўніцкіх педагагічных курсах у Слуцку, працаваў выкладчыкам беларускай мовы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце.

У 1921 годзе ў Коўне выйшаў зборнік апавяданняў »Казкі жыцця« (большасць з іх створаны да 1917 года, але працу над цыклам аўтар працягваў і надалей). У гэтых творах у алегарычнай форме выкладзены погляды на гісторыю і жыццёвую філасофію беларусаў як нацыі, іх месца сярод народаў-суседзяў, закрануты важныя сацыяльна-палітычныя і маральна-этычныя праблемы, паказана імкненне чалавека да пазнання таямніц прыроды і быцця.

У першай палове 1920-х  Якуб Колас завяршае вялікія творы.

Якуб Колас у 1921 годзе

У 1923 годзе у Мінску выйшла асобным выданнем паэма »Новая зямля«. Гэты твор з'яўляецца мастацкай энцыклапедыяй жыцця беларускага сялянства на рубяжы стагоддзяў. У паэме Колас па-філасофску асэнсоўвае цэлую эпоху ў жыцці беларускага народа. Аўтар апаэтызаваў духоўнае багацце і маральную веліч працоўнага чалавека, яго адвечную мару быць гаспадаром на ўласнай зямлі. У творы яскрава апісаны быт народа, выведзены тыповыя беларускія характары. Цудоўныя замалёўкі беларускай прыроды характарызуюць Якуба Коласа як выдатнага майстра пейзажу.

У 1925 годзе ў часопісе «Полымя» апублікавана трэцяя рэдакцыя паэмы «Сымон-музыка». У гэтым творы асвятляецца роля мастака і мастацтва ў жыцці народа, тут найбольш поўна выявіліся эстэтычныя погляды Якуба Коласа. Гэта твор аб народных вытоках мастацтва, лёсе таленту з народа, духоўным адраджэнні нацыі. Трагічныя і драматычныя матывы ў ім пераплятаюцца з жыццесцвярджальнымі і аптымістычнымі. Аўтар стварае вобраз маладога беларуса — свядомага творцы свайго лёсу, які імкнецца да духоўнага адраджэння роднага краю. Паэт асвятляе своеасаблівасць нацыянальнага шляху беларусаў, выказвае надзею на актывізацыю духоўна-творчых сіл народа.

У гэты перыяд пашыраецца тэматыка твораў Якуба Коласа. Ён прыходзіць да апісання жыццёвых шляхоў беларускай інтэлігенцыі пачатку XX стагодзя яе духоўных пошукаў. Пісьменнік стварае так званыя палескія аповесці: два вялікія празаічныя творы «У палескай глушы» (выдана ў Вільні ў 1923) і «У глыбі Палесся» (выдана ў Мінску ў 1927). Яны пазней увайшлі як 1-я і 2-я часткі ў трылогію «На ростанях» — найбольшы празаічны твор Якуба Коласа. У 1925 годзе была апублікавана п'еса  »Забастоўшчыкі«, пра тое, як беларускае настаўніцтва ўключалася ў палітычную барацьбу.

У аснове сюжэту — першы нелегальны з'езд настаўнікаў у Мікалаеўшчыне. Гэты твор не атрымаў сцэнічнага ўвасаблення. Акрамя таго, у 1925 годзе напісана аповесць «На прасторах жыцця» (выдадзена ў 1926), прысвечаная моладзі 1920-х, праблемам яе духоўнага станаўлення, адукацыі, культуры, імкненню да пераўтварэння жыцця.

Другая палова 1920-х і ў 1930-я гады надыходзіць час актыўнай грамадскай дзейнасці Якуба Коласа, прызнання яго заслуг і пры гэтым вельмі складаны перыяд жыцця, падзеі якога адбіліся на псіхалагічным стане, негатыўна паўплывалі на ўсю далейшую творчасць пісьменніка. 18 кастрычніка 1926 года яму нададзена званне народнага паэта Беларусі, яму прызначана пажыццёвая пенсія.

З 1928 года Якуб Колас акадэмік Акадэміі навук Беларусі, з 1929 года — член Прэзідыума і віцэ-прэзідэнт Акадэміі. Быў кандыдатам у члены Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў 1927–1929  —  членам ЦВК у 1929–1931, 1935–1938 гадах Якуб Колас удзельнічаў у рабоце 1-га Усебеларускага з'езда савецкіх пісьменнікаў і 1-га Усесаюзнага з'езда савецкіх пісьменнікаў у Маскве (1934 ), дзе быў абраны ў кіруючыя органы творчых саюзаў літаратараў. У 1935 годзе ён выступаў з прамовай на Сусветным кангрэсе абароны культуры ў Парыжы.

Пры гэтым яшчэ з сярэдзіны 1920-х Якуб Колас трапіў у поле зроку савецкіх рэпрэсіўных органаў. У 1925 годзе ў яго быў праведзены ператрус, а затым і допыт, у сувязі з так званай «лістападаўскай справай», якая датычылася «контррэвалюцыйнай арганізацыі» на Случчыне.

У 1930-я гады  ціск на Якуба Коласа яшчэ больш узмацніўся. Яго адкрыта абвінавачвалі ў так званай нацдэмаўшчыне, у прапагандзе ідэй бяскласавасці беларускай нацыі, знаходзілі ў творах ідэалізацыю кулацтва, хутарской гаспадаркі, перабольшванне ролі інтэлігенцыі. У 1930 годзе  Якуб Колас быў змушаны публічна каяцца ў палітычных «памылках». Былі арыштаваны і рэпрэсіраваны блізкія сваякі паэта, дзядзька па матчынай лініі, грамадскі і палітычны дзеяч, мовазнавец Язэп Лёсік, родны брат жонкі Коласа Аляксандр Каменскі.

6 лютага 1938 года у доме пісьменніка шукалі зброю, яго прымусілі ўзняць рукі і стаць тварам да сцяны. Якубу Коласу пагражаў арышт, аднак санкцыя на яго ад вышэйшага савецкага кіраўніцтва не была дадзена, магчыма, з-за шырокай вядомасці і народнага прызнання песняра.

Пісьменнік трапіў у бязвыхаднае становішча, цалкам залежнае ад ідэалагічных установак камуністычнай партыі і грамадска-дзяржаўных структур таталітарнай сістэмы. Жахі прымусовай калектывізацыі, разбурэнне традыцыйнага ўкладу вёскі, татальны кантроль над усімі сродкамі грамадска-палітычнага, духоўнага жыцця, фактычная забарона свабоды слова і волевыяўлення, масавыя рэпрэсіі супраць нацыянальнай інтэлігенцыі — усё гэта негатыўна паўплывала на Коласа як творцу. Ён аказаўся сапраўдным заложнікам антыгуманнай сістэмы, міжвольным прапагандыстам сацыялістычнага рэалізму, які быў зводам палітычных патрабаванняў, але выдаваўся за эстэтычную катэгорыю.

У 1926 годзе Якуб Колас пачаў пісаць паэму «На шляхах волі», аб цяжкіх умовах існавання падчас Першай сусветнай вайны, іх уплыве на фарміраванне пратэстных настрояў народных мас і станоўчага стаўлення да бальшавікоў у перыяд рэвалюцый 1917 года.  Над гэтым творам паэт шмат разважаў, працаваў і ў 1930-я і ў 1950-я гады, але так і не завяршыў.

У творчасці  Коласа 1930-х гадоў прысутнічае і тэма калектывізацыі. Галоўны герой яго даволі схематызаванай аповесці «Адшчапенец» (выдадзена ў 1932 годзе) пасля доўгіх ваганняў прыходзіць да высновы аб перавагах калектыўнай гаспадаркі перад аднаасобнай. Акрамя таго, у гэты перыяд Якуб Колас звярнуўся да драматычных падзей Першай сусветнай вайны, галоўным чынам, праз паказ «салдацкай праўды» — у п'есе »Вайна вайне« (апошняя рэдакцыя 1938 ) і грамадзянскай вайны — у аповесці »Дрыгва« (1933 ) і створанай на яе аснове п'есе «У пушчах Палесся» (1937 ).

У 1940 годзе пачаў пісаць паэму «Рыбакова хата» пра жыццё працоўных Заходняй Беларусі ў складзе Польскай дзяржавы, іх барацьбу за свае правы. У гэты перыяд Колас плённа працаваў у галіне перакладу з рускай, украінскай, польскай моў («Палтава» А. Пушкіна, некаторыя творы М. Лермантава, А. Міцкевіча, Т. Шаўчэнкі, П. Тычыны, Р. Тагора і інш.).

У час Вялікай Айчыннай вайны паэт жыў пад Масквой у Клязьме, Ташкенце, Маскве. У вершах (зборнікі «Адпомсцім», 1942; «Голас зямлі», 1943), паэмах «Суд у лесе» (1942 ), «Адплата» (1943-1944 ), публіцыстычных артыкулах перыяду Вялікай Айчыннай вайны ён услаўляў патрыятызм, гераізм савецкіх людзей, выкрываў чалавеканенавісніцкую сутнасць фашызму.

У 1944 годзе Якубу Коласу прысуджана зване заслужанага дзеяча навукі Беларусі. У канцы 1944 вярнуўся ў Мінск.

Пасля вайны, з сярэдзіны 1940-х  і да канца жыцця Якуб Колас працаваў у Акадэміі навук Беларусі, быў вядомы як грамадскі дзеяч:  выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР і Вярхоўнага Савета БССР, членам Цэнтральнага Камітэта на XX-XXII з'ездах Камуністычнай партыі Беларусі і ўсесаюзнага Камітэта па Дзяржаўных прэміях у галіне літаратуры і мастацтва, віцэ-старшынёй Усеславянскага антыфашысцкага камітэта, старшынёй Беларускага і членам Савецкага камітэта абароны міру — і гэта была не фармальная праца.

У Якуба Коласа заўсёды знаходзілі водгук праблемы асобных грамадзян, паслядоўна адстойваў ён інтарэсы і ўсёй беларускай нацыі. У 1956  пісьменнік напісаў ліст у вышэйшыя партыйныя інстанцыі, у якім выказаў занепакоенасць становішчам беларускай мовы ў грамадскім жыцці, прапанаваў меры па яе абароне.

Яго літаратурная праца ў другой палове 1940-х  атрымала афіцыйнае ўшанаванне.

У 1946 годзе за вершы ваенных гадоў Якубу Коласу была прысуджана Дзяржаўная (Сталінская) прэмія СССР 1-й ступені. У 1949 — Дзяржаўная (Сталінская) прэмія СССР 2-й ступені за паэму »Рыбакова хата« (завяршыў у 1947 годзе).

У 1950-я Якуб Колас у якасці навуковага рэдактара удзельнічаў у падрыхтоўцы першага выдання «Руска-беларускага слоўніка» (1953).

У 1954 годзе завершана аповесць «На ростанях», у якой апісаны падзеі 1906-1911 гадоў. Яна стала 3-й, апошняй (разам з дзвюма папярэднімі   «У палескай глушы», «У глыбі Палесся»), часткай аднайменнай трылогіі. Трылогія — адзін з першых беларускіх раманаў.  Гэта шырокае мастацкае палатно сацыяльна-грамадскай сітуацыі ў Беларусі, эпапея жыцця беларускага народа перыяду Рэвалюцыі 1905–1907  і  паслярэвалюцыйных гадоў. Твор напісаны на аўтабіяграфічным матэрыяле, у ім створана галерэя партрэтаў нацыянальнай інтэлігенцыі, выхадцаў з народа, «адраджэнцаў», адлюстраваны побыт сялянства і іншых сацыяльных слаёў. Аўтар выявіў глыбокае майстэрства псіхалагічнага аналізу ў апісанні сваіх герояў. У трылогіі раскрылася і майстэрства Коласа-пейзажыста: створаны цудоўныя малюнкі беларускай прыроды.

13 жніўня 1956 года Якуб Колас памёр за сваім рабочым сталом. Пахаваны ў Мінску на Вайсковых могілках.

«У сусветную літаратуру Якуб Колас увайшоў як «беларускі Гамер», стваральнік нацыянальнай «Іліяды» і «Адысеі» — менавіта такія аналогіі напрошваюцца пры думцы аб ягоных «Новай зямлі» і «Сымоне-музыку»... Імя Якуба Коласа, аднаго з буйнейшых песняроў сялянства, стваральніка маляўнічых беларускіх краявідаў, самабытнага філосафа, надзвычай натуральна глядзіцца ў шэрагу імёнаў класікаў сусветнай літаратуры», — сказаў пра песняра беларускі літаратуразнавец Міхась Тычына.

Літаратурная прэмія імя Якуба Коласа. У 1959–1965 гадах прысуджалася Літаратурная прэмія імя Якуба Коласа.З 1965 года  - Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Якуба Коласа (за творы прозы і літаратуразнаўчыя працы).

Музеі. Літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа ў Мінску (з філіялам, які ўключае мемарыяльныя сядзібы Акінчыцы, Альбуць, Ласток, Смольня), літаратурна-этнаграфічныя музеі ў Люсіне і Пінкавічах.

Створаны Коласаўскі заказнік у Стаўбцоўскім раёне, дзе адкрыты мастацка-мемарыяльны комплекс «Шлях Коласа», які налічвае больш за 40 драўляных скульптур па матывах твораў пісьменніка.

Грамадскія літаратурныя музеі дзейнічаюць у сярэдніх школах вёсак Люсіна Ганцавіцкага, Пінкавічы Пінскага раёна Брэсцкай вобласці, Верхмень Смалявіцкага, Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага, пасёлка Лясны Мінскага раёна Мінскай вобласці.

Помнікі. Помнікі Коласу пастаўлены на плошчы яго імя ў Мінску і на магіле на Вайсковых могілках, на радзіме ў вёсцы Мікалаеўшчына, у горадзе Навагрудку Гродзенскай вобласці, вёсцы Плоскае Талачынскага раёна Віцебскай вобласці. У Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі існуе мемарыяльны пакой Коласа. На будынках, дзе жыў і працаваў народны паэт Беларусі ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі.

Помнік Якубу Коласу ў Мінску

Партрэт пісьменніка. Партрэт пісьменніка змяшчаўся на паштовых марках і паштоўках, на манеце, выпушчанай да 110-годдзя з дня яго нараджэння.

Пераклад. За межамі Беларусі з творчасцю Якуба Коласа знаёмы жыхары многіх краін свету. Яго творы (пераважна паэтычныя) перакладзены больш чым на 40 замежных моў, у тым ліку на найбольш распаўсюджаныя — англійскую, нямецкую, французскую, іспанскую, кітайскую. Творчасць пісьменніка і яго ролю ў літаратуры разглядалі у сваіх працах славісты Вялікабрытаніі, Аўстрыі, Германіі, Італіі. Асобае месца сярод перакладаў твораў займаюць выданні на славянскіх мовах — рускай, польскай, украінскай. На рускай мове ў розны час выходзілі тры зборы твораў Якуба Коласа.

Цікавыя факты. У былых рэспубліках Савецкага Саюза добра вядома імя пісьменніка. Яго імем былі названы цеплаход Дунайскага параходства. 100-гадовы юбілей беларускага песняра паводле рашэння ЮНЕСКА адзначаўся ў міжнародным маштабе. У 1996 г. створаны Міжнародны фонд Якуба Коласа. Жыццё і дзейнасць пісьменніка пакладзены ў аснову фільмаў:

«Народны паэт» (1952);

«Якуб Колас» (1962);

«Дзядзька Якуб» (1982);

«Першыя выпрабаванні» (экранізавана трылогія «На ростанях», 1960-1961).

Использованные источники

Национальный архивный  фонд Республики Беларусь

Фотографии: http://lib.vsu.by/

3D ЭКСКУРСИИ
КЛИПЫ
СОЦИАЛЬНАЯ РЕКЛАМА
Видеопрезентация
МНЕНИЕ
ВОПРОС-ОТВЕТ